Наступствы ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі
Інфармацыйныя тэхналогіі ўсё больш актыўна выкарыстоўваюцца ў прадпрымальніцкай дзейнасці не толькі суб'ектамі гаспадарання, але і фізічнымі асобамі, якія ствараюць групы ў Instagram, Viber, Telegram, VK для размяшчэння аб'яваў аб рэалізацыі тавараў. Грамадзяне забываюць пра тое, што прадпрымальніцкая дзейнасць павінна быць зарэгістравана ва ўстаноўленым парадку і ажыццяўляцца ў межах дзеючага заканадаўства.
Да прыкладу, грамадзянін Віцебскай вобласці з выкарыстаннем старонкі ў сацыяльнай сетцы Instagram арганізаваў рознічны гандаль таварамі (жаночае адзенне, пасцельная бялізна, пледы і інш.) з мэтай сістэматычнага атрымання даходу. Дастаўку тавараў пакупнікам ажыццяўляў пры дапамозе службаў-даставак. Пастановай эканамічнага суда грамадзянін прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу з канфіскацыяй часткі даходу. Акрамя таго, грамадзяніну налічаны да выплаты падаходны падатак з фізічных асоб.
Даведкава. Прадпрымальніцкая дзейнасць, якая ажыццяўляецца без дзяржаўнай рэгістрацыі, – цягне накладанне штрафу ў памеры да ста базавых велічынь з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння, прылад і сродкаў здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння, а таксама да ста працэнтаў ад сумы даходу, атрыманага ў выніку такой дзейнасці, або без канфіскацыі (частка 2 артыкула 13.3 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях).