Дапаможнік па доглядзе за дзіцем-інвалідам у 2012 годзе павысіцца з 65% да 100% БПМ - М.Шчоткіна
28.12.20110 праглядаў
28 снежня, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі дзяржаўная дапамога па доглядзе за дзіцем-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў у 2012 годзе будзе ўстаноўлена ў памеры 100% бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ). Гэта прадугледжана Нацыянальнай праграмай дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна.
Цяпер памер гэтай дапамогі складае 65% БПМ (з 1 лістапада бягучага года БПМ роўны Br574 тыс. 790).
"Сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, патрэбна дадатковая дапамога, - лічыць міністр. - І гаворка ідзе не толькі аб матэрыяльнай падтрымцы, але і сацыяльнай". У тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ёсць клубы, якія аб'ядноўваюць бацькоў дзяцей-інвалідаў, працуюць псіхолагі. У цяжкай жыццёвай сітуацыі ў бацькоў заўсёды ёсць магчымасць звярнуцца ў цэнтр да спецыяліста за кваліфікаванай дапамогай, пагутарыць з сем'ямі, якія сутыкнуліся з падобнымі праблемамі, сумесна пераадольваць жыццёвыя цяжкасці.
Кіраўнік міністэрства паведаміла, што разглядаецца магчымасць прадастаўлення кароткачасовых паслуг дзённага догляду за дзецьмі няпоўным сем'ям, якія выхоўваюць дзіця-інваліда, і сем'ям, якія выхоўваюць дваіх і больш дзяцей-інвалідаў. "На жаль, ёсць і такія сем'і, ім даводзіцца нялёгка, - дадала Мар'яна Шчоткіна. - Аказанне паслугі сацыяльнай няні дзіцяці-інваліду на доме дасць маме ці іншаму сваяку своеасаблівую перадышку. Згадзіцеся, догляд за такімі дзецьмі патрабуе ад блізкіх поўнай самааддачы, яны прысвячаюць гэтай нялёгкай справе практычна ўвесь вольны час, не маючы магчымасці вырашыць нейкія асабістыя справы".
На стадыі распрацоўкі знаходзіцца і такі новы тып паслуг, як прадастаўленне сацыяльнай перадышкі - магчымасць сем'ям кароткачасова змясціць дзіця-інваліда ў стацыянарную сацыяльную ўстанову.
Праграмай дэмабяспекі запланаваны і іншыя меры па падтрымцы сем'яў, у якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды. Так, у рэспубліцы будзе развівацца сістэма сацыяльнага патранату сем'яў у сувязі з нараджэннем дзіцяці-інваліда. Асноўная мэта гэтай новай формы работы - аказанне разнапланавай дапамогі сем'ям. Гаворка ідзе аб пераадоленні псіхалагічных праблем, матэрыяльнай падтрымцы, прыцягненні пры неабходнасці медыкаў, юрыстаў, іншых спецыялістаў.
Кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый рэспублікі рэкамендавана прадугледзець у калектыўных дагаворах меры падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў.
У Беларусі налічваецца 25,6 тыс. дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў.-0-
БЕЛТА