27 студзеня, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі плануецца наблізіць памер дапамогі па доглядзе за дзіцем да сярэдняй заработнай платы, павялічыць адпачынак па цяжарнасці і родах на 14 дзён. Пра гэта заявіла сёння ў Жэневе міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна, прадстаўляючы Камітэту ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын сёмы перыядычны даклад Рэспублікі Беларусь, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па словах міністра, будзе пашыраны спектр сацыяльных паслуг для сем'яў з дзецьмі-інвалідамі, забяспечана даступнасць жылля для шматдзетных сем'яў, аказвацца ім садзейнічанне ў пагашэнні льготных крэдытаў. Такім чынам, дзяржава мае намер працягнуць узмацненне сацыяльнай падтрымкі сям'і. "Беларусь датэрмінова выканала мэту Дэкларацыі тысячагоддзя, звязаную з ліквідацыяй крайняй беднасці і голаду, - канстатавала Мар'яна Шчоткіна. - Нягледзячы на ​​сусветны эканамічны крызіс, урад не дапусціў зніжэння ўзроўню сацыяльных гарантый сем'ям з дзецьмі. Больш таго, дзяржава знайшла рэсурсы для паэтапнага павелічэння аб'ёмаў дзяржпадтрымкі сям'і". Толькі на выплату дапамог за 2008-2010 гады накіравана больш Br3 трлн. (каля $1 млрд.) са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Адрасную сацыяльную дапамогу за тры гады атрымалі звыш 650 тыс. жыхароў краіны. Варта адзначыць, што сістэма матэрыяльнай падтрымкі сем'яў у сувязі з нараджэннем і выхаваннем дзяцей уключае таксама гарантыі ў сферы пенсійнага, працоўнага, жыллёвага, падатковага заканадаўства. "Усе віды дзяржаўнай падтрымкі (сямейныя дапамогі, адрасная сацыяльная дапамога, бясплатнае харчаванне) прадастаўляюцца як маці, так і бацьку дзіцяці, - праінфармавала міністр. - Дзяржава свядома фарміруе грамадскае ўспрыманне таго, што ў пытанні выхавання дзяцей удзел жанчыны і мужчыны размяркоўваецца на раўназначнай аснове".Асноўныя меры дзяржаўнай палітыкі засяроджаны на стварэнні максімальна спрыяльных і збалансаваных умоў для мацярынства і рэалізацыі жанчынамі сваіх магчымасцей у сацыяльна-эканамічным і грамадска-палітычным жыцці краіны, падкрэсліла Мар'яна Шчоткіна. Як вынік, з 2007 па 2009 год удалося павысіць сумарны каэфіцыент нараджальнасці з 1,28 да 1,44, павялічыць чаканую працягласць жыцця пры нараджэнні з 69,4 да 70,5 гадоў, знізіць дзіцячую смяротнасць з 6,1 да 4,7 праміле. У 2009 годзе каэфіцыент смяротнасці дзяцей ва ўзросце да 5 гадоў наблізіўся да ўзроўню эканамічна развітых краін і склаў 6,2 выпадку на 1000 народжаных жывымі. Па ацэнках ЮНІСЕФ, Беларусь адносіцца да краін з нізкім узроўнем дзіцячай і немаўлячай смяротнасці і апярэджвае па гэтым паказчыку краіны СНД і шэраг краін Еўропы. Паказчык матчынай смяротнасці склаў у рэспубліцы 1 на 100 тыс. народжаных жывымі, што адпавядае ўзроўню развітых краін. Па перакананні міністра працы і сацыяльнай абароны, гэта стала магчымым дзякуючы паслядоўнай рэалізацыі сацыяльна арыентаванай палітыкі, для якой характэрны высокі ўзровень бюджэтных асігнаванняў на субсідаванне сістэмы аховы здароўя, адукацыі. Так, выдаткі на сацыяльную палітыку ў 2010 годзе складалі 11,7% ВУП, у 2011 годзе яны дасягнуць 13,7% ВУП (на сістэму адукацыі - адпаведна 4,5% і 5,5% ВУП, на сістэму аховы здароўя - 3,4% і 3,9% ВУП).-0-

БЕЛТА