17 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Пастаўскі лясгас павялічыць у бягучым годзе экспарт бярозавага соку больш чым у тры разы. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў вядучы інжынер пабочнага карыстання лесам і падсобнай сельскай гаспадаркай Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання (ВГПЛГА) Алег Грыцкевіч.

Вясной 2013 года Пастаўскі лясгас адгрузіў літоўскай камерцыйнай фірме 65 т бярозавага соку на агульную суму звыш $6 тыс. Літоўскія партнёры, высока ацаніўшы якасць напою, вырашылі працягнуць узаемавыгаднае супрацоўніцтва і заключылі новы кантракт на пастаўку ў цяперашнім нарыхтоўчым сезоне 200 т соку на суму $20 тыс.

Усяго сёлета лясгасы абласнога аб'яднання маюць намер нарыхтаваць каля 1,5 тыс. т вясновага напою. Больш за 300 т з іх плануецца рэалізаваць насельніцтву, 200 т пойдзе на экспарт, астатні аб'ём паступіць на перапрацоўчыя прадпрыемствы Віцебскай вобласці і іншых рэгіёнаў краіны.

Пробная падсочка дрэў ужо пачалася, аднак вясна ў самым паўночным рэгіёне краіны яшчэ не ўвайшла цалкам у свае правы і сок ідзе дрэнна, адзначыў Алег Грыцкевіч. Ён дадаў, што прыступіць да масавай нарыхтоўкі бярозавага соку лясгасы маюць намер у пачатку трэцяй дэкады месяца, калі, па прагнозах сіноптыкаў, усталюецца стабільна цёплае надвор'е.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)