8 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ААТ "Пастаўскі малочны завод" завершыць першую чаргу будаўніцтва ачышчальных збудаванняў да 1 снежня 2011 года, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны інжынер прадпрыемства Георгій Катень.
Будаўніцтва новых ачышчальных збудаванняў, разбітае на два этапы, пачалося на заводзе ў жніўні мінулага года. Першы пускавы комплекс прадугледжвае будаўніцтва ачышчальных збудаванняў, пад'язной дарогі, каналізацыйнай помпавай станцыі, забеспячэнне ачышчальных збудаванняў электраэнергіяй, пракладку напорных трубаправодаў ачышчаных сцёкавых вод. Кошт гэтага комплексу складае амаль Br8 млрд.
У цяперашні час генпадрадная арганізацыя "Рассвет Пастаўскі" вядзе мантаж бетонных пліт рэзервуараў і замену існуючага каналізацыйнага калектара.
Другі пускавы комплекс з аб'ёмам інвестыцый Br3,5 млрд. уключае будаўніцтва напорных трубаправодаў ачышчаных сцёкавых вод ад кропкі ўрэзкі да існуючых біясажалак завода. Цалкам завяршыць работы плануецца ў 2012 годзе.
Рэалізацыя праекта дазволіць вырашыць пытанне эфектыўнай ачысткі спецыфічных сцёкавых вод і палепшыць экалагічную абстаноўку ў Паставах. Праектная прадукцыйнасць ачышчальных збудаванняў - 450 куб.м у суткі са скідам на існуючыя біялагічныя сажалкі, а затым у раку Мядзелка. Аб'ект уключаны ў абласныя мерапрыемствы па рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў і ахове навакольнага асяроддзя Віцебскай вобласці на 2011-2015 гады.
Прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці сыроў, суцэльнамалочнай прадукцыі, казеіну, выпускае таксама марожанае, маянэз - усяго больш за 40 найменняў прадукцыі. Група суцэльнамалочнай прадукцыі налічвае звыш 20 відаў. За студзень-жнівень бягучага года завод выпусціў прадукцыі на Br59,7 млрд., што склала 143,5% да адпаведнага ўзроўню 2010 года. Удзельная вага экспарту ў выручцы ад рэалізацыі склала 40%. Экспартныя пастаўкі павялічыліся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 16,3% да $6,9 млн. Рэнтабельнасць продажаў за студзень-ліпень склала 4,9%. Паказчык па энергазберажэнні - мінус 5,5%.-0-
БЕЛТА
Пастаўскі малочны завод завершыць першую чаргу будаўніцтва ачышчальных збудаванняў да 1 снежня
8.9.20110 праглядаў