14 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Паставы сёння стануць цэнтрам алімпійскага руху, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Пастаўскага райвыканкама Васіль Захарэвіч.
У Паставах пад эгідай НАК Беларусі, пры падтрымцы міністэрстваў адукацыі, спорту і турызму, удзеле Беларускай алімпійскай акадэміі, Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў пройдзе рэспубліканская акцыя "Алімпізм і моладзь". Адкрые мерапрыемства семінар на тэму "Алімпійскі спорт і спорт для ўсіх". У ім возьмуць удзел спецыялісты і метадысты аддзелаў адукацыі, фізічнай культуры, спорту і турызму, трэнеры-выкладчыкі спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, педагагічныя работнікі ўстаноў адукацыі, выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Мерапрыемства адбудзецца ў Пастаўскім прафесійна-тэхнічным каледжы. Там жа пройдзе сустрэча навучэнскай моладзі з чэмпіёнамі і прызёрамі Алімпійскіх гульняў, свету і Еўропы.
Разностайныя спартыўныя мерапрыемствы арганізаваны ў гэты дзень і на базе іншых устаноў адукацыі горада. Так, у дзіцячым садку малышоў збяруць "Малыя алімпійскія гульні". У сярэдняй школе №1 навучэнцы правядуць спортландыю, прымуць удзел у семінары, прысвечаным алімпійскай адукацыі. У гарадской дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе адбудуцца майстар-клас вядучых трэнераў Беларусі па валейболе і матчавая сустрэча па дадзеным відзе спорту паміж камандамі "Атлант-Д" (Паставы) і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры.
Завершыцца гарадское фізкультурнае свята ў раённым Доме культуры вялікім спартыўна-тэатралізаваным прадстаўленнем, якое ўключае нумары творчых калектываў, паказальныя выступленні спартсменаў, прэзентацыі лепшых работ навучэнцаў у адборачных этапах рэспубліканскага конкурсу "Плакат у духу фэйр-плей".-0-
БЕЛТА
Паставы сёння стануць цэнтрам алімпійскага руху
14.12.20120 праглядаў