У Беларусі спрошчаны парадак узвядзення і рэканструкцыі аднакватэрных жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў. Адпаведны ўказ №202 падпісаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

Ад якой папяровай цяганіны вызваляе ўказ?

Дакументам прадугледжана, што такія аб'екты можна будзе пабудаваць без атрымання дазволаў, без распрацоўкі праектнай дакументацыі і без наступнай прыёмкі іх у эксплуатацыю.

Пабудаваць дом на вёсцы? Патрэбен толькі дакумент на зямлю

Для будаўніцтва або рэканструкцыі аднакватэрных жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў у сельскіх населеных пунктах (за выключэннем размешчаных на тэрыторыі раёнаў, прылеглых да абласных цэнтраў і Мінска) грамадзянам дастаткова мець дакумент, які сведчыць права на зямельны ўчастак.

Пабудаваць дом паблізу Мінска і абласных цэнтраў? Патрэбен пашпарт забудоўшчыка

Для ўзвядзення такіх пабудоў у сельскіх населеных пунктах, размешчаных на тэрыторыі раёнаў, прылеглых да абласных цэнтраў і Мінска, у пасёлках гарадскога тыпу і гарадах грамадзяніну неабходна будзе атрымаць пашпарт забудоўшчыка. На падставе такога пашпарта змогуць пабудаваць жылыя аднакватэрныя дамы таксама і юрыдычныя асобы, індывідуальныя прадпрымальнікі.

Як атрымаць пашпарт забудоўшчыка?

Выдача пашпарта забудоўшчыка будзе ажыццяўляцца па прынцыпе "адно акно", тэрмін афармлення - адзін месяц, кошт - 25 базавых велічынь (адна базавая велічыня - Br32).

Таксама указам прадугледжаны спрошчаны парадак дзяржаўнай рэгістрацыі пабудаваных такім чынам аб'ектаў.

А ці можна будаваць па-старынцы?

Дзеючы парадак узвядзення і рэканструкцыі аднакватэрных жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў (з атрыманнем усіх дазволаў, узгадненняў, заключэнняў і распрацоўкай праекта) таксама захоўваецца.

Спрошчаны парадак усюды, акрамя Мінска

Рашэнне аб прымяненні спрошчанага парадку прымаецца забудоўшчыкамі самастойна. Скарыстацца такім парадкам можна будзе пры ўзвядзенні аб'ектаў на тэрыторыі ўсёй рэспублікі, за выключэннем Мінска.

Калі пачне дзейнічаць указ і навошта ён прыняты?

Указ уступае ў сілу праз 6 месяцаў пасля апублікавання.