22 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Паступіць у сувораўскае вучылішча ў Беларусі стала складаней, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА са спасылкай на ўказ Прэзідэнта Беларусі ад 20 лістапада № 527, афіцыйна апублікаваны сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Дакумент прадугледжвае змяненні і дапаўненні ў Палажэнне аб сувораўскім вучылішчы, зацверджанае прэзідэнцкім указам ад 30 снежня 2011 года № 614.
Раней кандыдат на месца ў вучылішчы не дапускаўся да ўступных выпрабаванняў, калі атрымліваў нуль, адзін, два балы пры праверцы ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці. Цяпер планка недапушчэння - чатыры балы. Што тычыцца навучальных прадметаў, то кандыдат, які атрымаў на першым выпрабаванні нуль, адзін, два балы, да наступных экзаменаў дапушчаны не будзе.
"Паўторная праверка ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці і здача ўступнага выпрабавання не дапускаюцца", - сказана ва ўказе.
У лік асноўных задач сувораўскага вучылішча цяпер уваходзіць падрыхтоўка сувораўцаў не толькі да паступлення ў установы адукацыі, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку кадраў па спецыяльнасцях ваеннага і спартыўнага профіляў адукацыі для Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў Беларусі, а таксама кадраў для органаў унутраных спраў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, але і для Следчага камітэта.
Непасрэднае кіраўніцтва сувораўскім вучылішчам ажыццяўляе яго начальнік, які прызначаецца на пасаду і вызваляецца ад пасады Прэзідэнтам Беларусі.
Указ № 527 уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.-0-
БЕЛТА
Паступіць у сувораўскае вучылішча ў Беларусі стала складаней
22.11.20120 праглядаў