Мастацкі пленэр, прысвечаны халакосту, пройдзе ў Шаркаўшчынскім раёне Віцебскай вобласці з 31 ліпеня па 6 жніўня. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Шаркаўшчынскім райвыканкаме.

"Пленэр, у якім возьмуць удзел 15 мастакоў з розных рэгіёнаў Беларусі, пройдзе на тэрыторыі Лужкаўскага сельсавета. На памяць аб гэтым мерапрыемстве ў раёне застануцца карціны - майстры пэндзля прынялі рашэнне падарыць па адной сваёй працы музею Язэпа Драздовіча ў Германовічах", - адзначылі ў райвыканкаме.

Цэнтральным месцам дыслакацыі мастакоў стане аграгарадок Лужкі. Урачыстае адкрыццё пленэра адбудзецца ў цэнтральным скверы. Тут некалькі гадоў таму была ўстаноўлена турысцка-інфармацыйная дошка ў гонар стваральніка мовы іўрыт (дзяржаўнай мовы Рэспублікі Ізраіль) Эліэзера Бен-Іегуды, які нарадзіўся ў Лужках. У мясцовым Доме культуры будзе арганізавана выстава мастацкіх работ, прысвечаных халакосту.

Лужкі ў ХVIII-ХIХ стагоддзях былі вядомы як густанаселенае мястэчка з млыном, паштовай станцыяй, піваварняй і вялікай колькасцю крамак. У час Вялікай Айчыннай вайны фашысты арганізавалі ў Лужках гета, у якім было знішчанае яўрэйскае насельніцтва. Да нашых дзён тут захаваліся некаторыя даваенныя будынкі (у асноўным гэта сутарэнні і паграбы), руіны сінагогі XIX стагоддзя.