Які мерапрыемствы рыхтуюць аграсядзібы ў бліжэйшы час і хто акажа фінансавую дапамогу – адны з пытанняў, абмеркаваных у Лепелі на пасяджэнні абласнога грамадскага савета па развіцці аграэкатурызму ў Віцебскай вобласці. Станаўленню гэтай сферы паслуг савет садзейнічае па двух напрамках: з аднаго боку, стараецца захаваць тое, што ёсць, з другога – спрыяе адкрыццю новых аб'ектаў. У гэты раз гаспадары аграсядзіб і прадстаўнікі дзяржструктур сустрэліся на тэрыторыі нашага раёна.

У Віцебскай вобласці налічваецца каля 400 аграсядзіб, 23 – размешчаны ў нашым раёне. Фестывалі, семінары – пераняць вопыт адзін у аднаго хапае часу. Акрамя таго, мінулы год паклаў пачатак добрай традыцыі: апошнюю нядзелю мая кожная аграсядзіба збірае гасцей у Дзень адкрытых дзвярэй. Трэці злёт аграсядзіб пройдзе сёлета ў Лёзненскім раёне. Яго ўдзельнікамі стануць тыя, у каго сапраўды ёсць, што паказаць, правесці майстар-клас.

Вызначыліся ўдзельнікі пасяджэння і з тэмай найбліжэйшага навучальнага семінара – маркетынг у сферы агратурызму. Пры супрацоўніцтве з універсітэтамі не грэбаваць пісьмовым пагадненнем параіла калегам намеснік старшыні грамадскага савета, лепяльчанка Вольга Маханенка. Магчыма, у наступным годзе экспедыцыю на Лепельшчыне правядуць студэнты гістарычнага факультэта БДУ. Яны будуць шукаць невядомыя факты «кулінарнай гісторыі» ў рамках міжнароднага праекта «Bella Cuisine: кулінарная спадчына». Пакуль гэта мерапрыемства знаходзіцца на стадыі распрацоўкі.

Можна з упэўненасцю сказаць, што Лепельшчына гатова сустрэць гасцей на традыцыйным народным свяце Купалле на возеры Люкжына. У мінулым годзе майстар-клас па пляценні вянкоў правяла латвійскі консул, спадарыня Дагнія. Па словах арганізатара Вольгі Маханенка, у гэтым масавым дзеянні няма гледачоў і артыстаў, усе ўцягнуты ў забаўляльны працэс. На Купалле з усіх рэгіёнаў рэспублікі з'язджаецца моладзь, не абыякавая да роднай культуры. У такім жывым фармаце не першы год праводзіцца на Лепельшчыне і абрад «Жаніцьба Церашкі». Як традыцыя, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне, яна прэтэндуе на занясенне ў спіс Сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў Беларусі…

У кожнай з сядзіб Віцебшчыны ёсць на што паглядзець, і каб турыст не згубіўся ў такой разнастайнасці, на пасяджэнні ўнеслі прапанову стварыць карту аграсядзіб.

Кацярына АСОЎСКАЯ