27 ліпеня, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Чарговае павышэнне тарыфнай стаўкі першага разраду плануецца ў Беларусі з 1 лістапада, паведаміў сёння на пасяджэнні Савета Міністраў міністр эканомікі Беларусі Мікалай Снапкоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Міністр эканомікі адзначыў, што з 1 лістапада тарыфную стаўку першага разраду плануецца павысіць да Br118-120 тыс. З 1 чэрвеня тарыфная стаўка першага разраду ўстаноўлена ў памеры Br90 тыс. "Выкананне заданняў па забеспячэнні росту заработнай платы ў рэальным сектары эканомікі з пункту гледжання пакрыцця сітуацыі ў бюджэтнай сферы з'яўляецца найактуальнейшай задачай", - падкрэсліў ён. Па словах Мікалая Снапкова, паказчыкі за першае паўгоддзе гэтага года па павелічэнні заработнай платы ў рэальным сектары ў цэлым па рэспубліцы выкананы на 99,7%. Не рэалізавалі разліковыя паказчыкі па росце зарплаты за студзень-чэрвень Мінпрам, Мінсельгаспрад, Мінгандлю, Мінэнерга, Мінбудархітэктуры, а таксама ўсе рэгіёны за выключэннем Мінскай вобласці. Пры захаванні складзеных тэндэнцый тэмп росту ВУП па выніках 2010 года ацэньваецца на сённяшні дзень ніжэй за прагнозны - на ўзроўні 107,5%. Пры гэтым не забяспечваецца выкананне такіх найважнейшых параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, як інвестыцыі ў асноўны капітал, экспарт тавараў і паслуг, прадукцыя сельскай гаспадаркі. Таксама пакуль не праглядаецца дасягненне ўстаноўленых паказчыкаў рэальных грашовых даходаў насельніцтва. Міністр дадаў, што для выхаду ў 2010 годзе як мінімум на ніжнюю мяжу прагнозных значэнняў тэмпаў росту ВУП (111%) і забеспячэння зададзеных параметраў эканамічнага росту пяцігодкі ў другім паўгоддзі павінны быць дасягнуты наступныя тэпы росту: у прамысловасці - 111,2%, сельскай гаспадарцы - 115,7%, рознічным тавараабароце - 115%, інвестыцыях у асноўны капітал - 142%. У іншых галінах, якія фарміруюць ВУП, - не менш за 110%, пры гэтым тэмп росту экспарту тавараў і паслуг павінен захавацца на ўзроўні першага паўгоддзя - 127%. Па словах Мікалая Снапкова, да канца года трэба будзе ў поўнай меры задзейнічаць наяўныя ў краіне рэзервы стымулявання ўнутранага попыту, у тым ліку за кошт павышэння заработнай платы. "Яе паэтапнае павышэнне неабходна ажыццявіць, як і было запланавана, з 1 верасня гэтага года, - сказаў ён. - У гэтым выпадку ў пакінутыя месяцы да канца года будзе атрыманы неабходны вынік для фарміравання ВУП".-0-

БЕЛТА