18 мая, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі павышэнне працоўных пенсій магчыма на працягу найбліжэйшых двух-трох месяцаў. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік.
"Ва ўрадзе разглядаецца пытанне аб павышэнні памераў працоўных пенсій, - сказаў ён. - Рашэнне будзе прынята ў найбліжэйшыя месяцы". Намеснік кіраўніка ўрада падкрэсліў, што тут трэба зыходзіць з эканамічных магчымасцей дзяржавы: "Каб з кішэні дастаць фінансавыя сродкі, трэба іх туды пакласці".
Анатоль Тозік падкрэсліў, што паступленні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ідуць стабільна, ёсць "падушка бяспекі" для пенсійных выплат. "У гэтым плане пенсіянерам хвалявацца не варта - пенсіі выплачваліся і будуць выплачвацца своечасова і ў поўным аб'ёме", - запэўніў віцэ-прэм'ер.
Што тычыцца рэфармавання пенсійнай сістэмы, то гэта справа будучыні. "Неабходна спачатку выпрацаваць прынцыповыя падыходы, пры якіх і людзям было б лепш, і дзяржаве лягчэй, - растлумачыў Анатоль Тозік. - І пакуль такія падыходы не будуць вызначаны, не будзе і крокаў па рэфармаванні пенсійнай сістэмы ў Беларусі".-0-
БЕЛТА
Павышэнне працоўных пенсій магчыма на працягу найбліжэйшых двух-трох месяцаў - А.Тозік
18.5.20110 праглядаў