31 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Павышаная стаўка зямельнага падатку, якая прымяняецца ў Беларусі да ўчасткаў, занятых аб'ектамі звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва, не распаўсюджваецца на землі з аб'ектамі, што рэканструююцца. Пра гэта паведаміла кансультант упраўлення прамога падаткаабкладання галоўнага ўпраўлення метадалогіі падаткаабкладання арганізацый Міністэрства падаткаў і збораў Беларусі Наталля Кандраценка сёння падчас online канферэнцыі на сайце БЕЛТА.

Як адзначыла Наталля Кандраценка, беларускае падатковае заканадаўства прадугледжвае падвойны памер стаўкі зямельнага падатку на ўчасткі, занятыя аб'ектамі звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва. Аднак у сувязі з тым, што да 1 студзеня 2013 года адсутнічала дакладнае вызначэнне такіх участкаў, у падаткаплацельшчыкаў узнікалі пытанні, ці адносяцца да іх, напрыклад, землі з аб'ектамі, што знаходзяцца на рэканструкцыі або мадэрнізацыі.

"З 1 студзеня 2013 года Падатковым кодэксам вызначана, што зямельнымі ўчасткамі, занятымі аб'ектамі звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва, прызнаюцца ўчасткі, занятыя аб'ектамі, што ўзводзяцца", - падкрэсліла кансультант МПЗ. Такім чынам, каэфіцыент 2 да стаўкі зямельнага падатку прымяняецца толькі да ўчасткаў з новымі аб'ектамі і не адносіцца да тых, на якіх размешчаны будынкі, што рэканструююцца або мадэрнізуюцца, растлумачыла Наталля Кандраценка.

Яна таксама нагадала, што "каэфіцыент 2 да ставак зямельнага падатку па ўчастках, занятых аб'ектамі звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва, прымяняецца з месяца, наступнага за месяцам, у якім мінуў нарматыўны тэрмін будаўніцтва, і да месяца ўключна, у якім зацверджаны акт прыёмкі аб'екта будаўніцтва ў эксплуатацыю". -0-