Паважаныя педагогі, студэнты і навучэнцы! Віншуем вас з Днём ведаў!
Паважаныя педагогі, студэнты і навучэнцы!
Віншуем вас з Днём ведаў!
Першае верасня задае старт на вялікім шляху ў свет важных падзей, магчымасцей і здзяйсненняў. У гэтым навучальным годзе больш за 112 тысяч навучэнцаў Віцебшчыны ўвойдуць у школьныя класы, з іх 12,5 тысяч першакласнікаў.
Менавіта ва ўстановах адукацыі зараджаюцца ўменні і навыкі, якія фарміруюць асноўную жыццёвую лінію чалавека. Ва ўсе часы запатрабаваны кампетэнтныя, ініцыятыўныя, эрудаваныя людзі, якія гатовы рэалізоўваць свой патэнцыял на карысць дзяржавы.
Віцебшчына знаходзіцца ў авангардзе найважнейшых сацыяльна-эканамічных працэсаў. Дынаміка развіцця грамадства, сучасныя тэхналагічныя ўклады дыктуюць павышаныя патрабаванні да якасці адукацыі. Штогод профільныя ўстановы рэгіёну аснашчаюцца сучасным абсталяваннем. Такія падыходы дазваляюць выкарыстоўваць у навучальным працэсе перадавыя методыкі і праграмы, дабівацца жаданых вынікаў. Мы ганарымся поспехамі навучэнцаў на рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах і конкурсах, творчымі дасягненнямі педагогаў.
Сёння як ніколі важна выкладаць дзецям галоўныя жыццёвыя ўрокі: сфарміраваць правільную грамадзянскую пазіцыю, маральныя і этычныя каштоўнасці, навучыць паважаць старэйшае пакаленне, адчуваць адказнасць за лёс роднай зямлі. Гэта пад сілу настаўнікам, выкладчыкам, выхавальнікам, якія выконваюць высокую місію — сеяць у юных душах і сэрцах збожжа розуму і дабра.
Шчыра жадаем маладому пакаленню поспехаў і настойлівасці ў засваенні ведаў, бацькам і педагогам – мудрасці і цярпення! Будзьце заўсёды поўныя жыццёвай, творчай энергіі і ўпэўнена рухайцеся да новых вяршынь!
З павагай,
Н.Н.Шарснёў, старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта
У.У.Тэрэнцьеў, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў