21 мая, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Дваццаць чалавек сёння ноччу з-за моцнага задымлення эвакуіравалі з жылога дома ў Докшыцах, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо.
У гадзіну ночы ў цэнтр аператыўнага кіравання Докшыцкага райаддзела па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне аб пажары ў 18-кватэрным жылым доме ў райцэнтры. У адной з кватэр адбывалася гарэнне пасцельных прыналежнасцей. Пажарныя эвакуіравалі 20 жыхароў дома і выратавалі 24-гадовую жанчыну, якая знаходзілася ў няшчаснай кватэры. Брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі яна была дастаўлена ў раённую бальніцу з дыягназам лёгкае атручэнне прадуктамі гарэння ў стане алкагольнага ап'янення. Пасля агляду медыкаў пацярпелую адпусцілі дадому.
Са слоў суседзяў, жанчына ўжывала спіртное. Меркаваная прычына пажару - неасцярожнасць пры курэнні ў нецвярозым стане. У выніку пажару ў пакоі пашкоджаны пасцельныя прыналежнасці, прагарэла падлога на плошчы 0,5 кв.м, задымлены сцены.
За мінулыя тры дні ў вобласці адбылося 10 пажараў, на якіх загінулі два чалавекі. Асабовым складам МНС выратаваны два чалавекі, эвакуіравана 20 чалавек, насельніцтвам выратаваны адзін чалавек. На пажарах пашкоджана чатыры будынкі, адна адзінка тэхнікі, прадухілена знішчэнне трох будынкаў.-0-
БЕЛТА
Пажарныя эвакуіравалі з жылога дома ў Докшыцах дваццаць чалавек
21.5.20120 праглядаў