Пазіцыя Расіі па пастаўках газу ў Беларусь недапушчальная - А.Лукашэнка
18.6.20100 праглядаў
18 чэрвеня, Шклоўскі раён /Уладзімір Васількоў - БЕЛТА/. Пазіцыя Расіі па пастаўках газу ў Беларусь недапушчальная. Аб гэтым сёння журналістам паведаміў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Нельга так паводзіць сябе ў дачыненні да Беларусі: іншым зніжаючы цэны на газ або фіксуючы іх, а нам павышаючы, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Шмат на гэтым расіяне і "Газпрам" не нажывуцца, а вось страціць могуць шмат".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, калі прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў папрасіў яго выказаць пазіцыю Беларусі па газавым пытанні, беларускі лідар адказаў адназначна: "Краіна толькі выходзіць з фінансава-эканамічнага крызісу. Нам зараз няпроста, нам трэба падтрымаць вытворчасць. І павелічэнне цэн на газ, вядома ж, негатыўна паўплывае на рэнтабельнасць нашых прадпрыемстваў". Акрамя таго, кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў: "Эканоміка Беларусі сёння фактычна працуе на расійскую эканоміку. Мы атрымліваем сёння камплектуючыя прадпрыемстваў Расіі, на якіх працуюць да 15 млн. чалавек. Гэта значыць, мы як былі, так у пэўным родзе і застаёмся зборачным цэхам РФ". Таму, па словах Аляксандра Лукашэнкі, казаць пра тое, што гэта нейкім чужым людзям пастаўляецца газ, нейкай іншай краіне, нельга.
Прэзідэнт Беларусі таксама нагадаў, што расійскі бок знізіў цану за прыродны газ на 30% для Украіны, нядаўна прагучала пытанне аб магчымым зніжэнні для Венгрыі. "Пайшло зніжэнне цэн на прыродны газ. Чаму ж нам вырашылі падняць на 30% цану?" - абурыўся беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка дадаў: "Няважна, што там у нас розніца была ў цане. Бо для Расіі Беларусь і іншыя дзяржавы - гэта, як кажуць у Адэсе, дзве вялікія розніцы. Беларусь для Расіі - зусім іншая каштоўнасць. І не трэба тут упіхваць, што мы надурняк хочам пражыць! Не, мы вельмі вялікую карысць прыносім Расіі, пачынаючы ад вытворчасці і заканчваючы абаронай і іншымі пытаннямі".
"Вось у такім кантэксце ішоў размову Дзмітрый Мядзведзеў. У выніку прэзідэнт Расіі мне сказаў, што не па ўсіх пытаннях ён гатовы адказаць адразу і што ён абавязкова на працягу 2-3 дзён вызначыцца і мне патэлефануе. Ну вось, па тэлебачанні "патэлефанаваў" - вы гэта чулі", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка пры гэтым падкрэсліў: "Мы выжывем. Але так паводзіць сябе ў дачыненні да народа-саюзніка, з якім разам гнілі ў акопах, я лічу, недапушчальна. І гэта ніякія не эмоцыі, хоць і яны для нас, славян, таксама важныя".
Адказваючы на пытанне журналіста аб тым, ці збіраецца беларускі бок плаціць за той доўг, пра які заяўляе Расія, Прэзідэнт сказаў: "Мы вядзём зараз перамовы. Калі зыходзіць з пункту гледжання Расіі, то гэта доўг. Калі зыходзіць з таго, што я сказаў, - ніякага доўгу няма. Я думаю, дамовімся. Калі мы пагодзімся з тым, што гэта доўг і Расіі вельмі цяжка пакінуць мінулую цану, то мы будзем плаціць, знойдзем грошы".-0-
БЕЛТА