ПП "Грыгораўшчына" на беларуска-латвійскай мяжы павялічыць прапускную здольнасць удвая
27.4.20120 праглядаў
27 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пункт пропуску "Грыгораўшчына" на беларуска-латвійскай мяжы павялічыць прапускную здольнасць да 2014 года ў два разы. Аб гэтым заявіў сёння начальнік прававога ўпраўлення Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Аляксандр Адэрэйка на сустрэчы мытных службаў Беларусі і Латвіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У ходзе ўстановачнай сустрэчы прадстаўнікоў ДМК Беларусі і Службы дзяржаўных даходаў Латвіі бакі абмеркавалі рэалізацыю праекта будаўніцтва і аснашчэння абсталяваннем гэтага памежнага пункта пропуску, які прадугледжвае ўкараненне там тэхналогіі неінтразіўнага (без ускрыцця) дагляду.
На гэты праект Еўрасаюзам выдзелена 2,5 млн. еўра. Як адзначыў Аляксандр Адэрэйка, частка сродкаў ужо паступіла на спецыяльны адкрыты рахунак ДМК Беларусі - 786 тыс. еўра.
Намеснік кіраўніка аддзела арганізацыі мытнага кантролю мытнага ўпраўлення Службы дзяржаўных даходаў Латвіі Гіртс Піланс адзначыў, што рэалізацыя гэтага праекта дазволіць дасягнуць эфектыўнага і хуткага кантролю на мяжы, паскорыць транспартныя патокі і павысіць барацьбу з кантрабандай.
Аляксандр Адэрэйка таксама адзначыў вялікае значэнне дадзенага праекта, які дазволіць скараціць чэргі на мяжы, узмоцніць барацьбу з мытнымі правапарушэннямі, станоўча паўплывае на экалагічную абстаноўку ў рэгіёне. ПП "Грыгораўшчына" выбраны для добраўпарадкавання не выпадкова. Праз яго, а таксама праз суседні пункт пропуску на латвійскім баку - "Пацерніекі" праходзіць дзявяты транс'еўрапейскі транспартны калідор Хельсінкі-Санкт-Пецярбург-Віцебск-Гомель-Кіеў-Александропаліс (Грэцыя). Праз гэты калідор транзітны транспартны паток з кожным днём павялічваецца і патрабуе значнага ўдасканалення мытнай інфраструктуры. Цяпер праз пункт пропуску "Грыгораўшчына" у суткі праходзіць каля 270 транспартных сродкаў. З увядзеннем інспекцыйна-даглядного комплексу і пасля правядзення агульнай рэканструкцыі ПП прапускная здольнасць павялічыцца да 600 аўтамабіляў у суткі.
У цяперашні час на ПП "Грыгораўшчына" праводзіцца агульная рэканструкцыя, яна працягнецца да восені 2012 года. Нароўні з гэтым будзе будавацца аб'ект, дзе размесціцца інспекцыйна-даглядны комплекс, які складаецца з рэнтгенаўскай скануючай сістэмы і ахоўнага збудавання для яе. Ён будзе завершаны праз 27 месяцаў. Беларускі і латвійскі бакі зацікаўлены ў хутчэйшым уводзе аб'екта ў дзеянне.
Праект ажыццяўляецца па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва Латвія-Літва-Беларусь, якая рэалізуецца ў межах Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства. У праграме ўдзельнічаюць рэгіёны Латвіі, Літвы і Беларусі – Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская вобласці і г.Мінск. Сумесным органам кіравання праграмай з'яўляецца Міністэрства ўнутраных спраў Літвы. Агульны бюджэт праекта – 2,777 млн. еўра. З гэтай сумы на рэалізацыю дадзенага праекта выдзяляецца да 2,5 млн. еўра са сродкаў Еўрапейскага саюза, якія пакрыюць 90% усіх выдаткаў па праекце.
Аналагічны праект таксама коштам 2,5 млн. еўра пачаў рэалізоўвацца на беларуска-літоўскай мяжы ў пункце пропуску "Прывалка".-0-
БЕЛТА