12 студзеня, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. Практычна ўсе раёны Беларусі забяспечылі 100-працэнтнае працаўладкаванне несумленных бацькоў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА кансультант упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Жанна Шчамялёва. Па выніках 2011 года працаўладкаванне несумленных бацькоў дасягнула ў цэлым па рэспубліцы 99,9%. Пры гэтым у Мінскай, Магілёўскай, Гомельскай абласцях і ў Мінску забяспечана 100-працэнтнае працаўладкаванне абавязаных асоб. У Гродзенскай вобласці гэты паказчык склаў 99,7%, у Брэсцкай - 99,8%, у Віцебскай - 99,9%. У Беларусі за мінулы год на пастаянную працу працаўладкаваны звыш 5 тыс. 413 чалавек, абавязаных пакрываць расходы на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржзабеспячэнні, з іх 4 тыс. 338 - у кошт броні. Дарэчы, у 2011 годзе амаль на 7 тыс. прадпрыемстваў і арганізацый рэспублікі браніраваліся працоўныя месцы для працаўладкавання несумленных бацькоў. Пералік такіх прадпрыемстваў і арганізацый на 2012 год удакладняецца, дадала Жанна Шчамялёва. Яна праінфармавала, што ў мінулым годзе ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне паступілі рашэнні гарадскіх і раённых судоў на 6 тыс. 601 абавязаную асобу, з іх 5 тыс. 555 чалавек звярнуліся ў дзяржслужбу занятасці самастойна або былі дастаўлены туды супрацоўнікамі органаў унутраных спраў. Паводле яе слоў, не губляе вастрыні праблема выканання працоўнай дысцыпліны: у мінулым годзе 2 тыс. 330 працаўладкаваных абавязаных асоб ухіляліся ад з'яўлення на працу да 10 дзён на працягу апошніх трох месяцаў, каля 3 тыс. чалавек - больш за 10 дзён. Ухіленне абавязаных асоб ад з'яўлення на працу, парушэнне імі працоўнай дысцыпліны адбіваецца на ўзроўні фактычнага заробку. Разам з тым дзяржслужба занятасці стараецца накіроўваць гэту катэгорыю незанятых грамадзян на такія працоўныя месцы, каб узровень аплаты працы дазваляў забяспечваць выкананне імі штомесячных абавязацельстваў па пакрыцці расходаў па ўтрыманні дзяцей.-0-

БЕЛТА