Хуткімі тэмпамі ў раёне ідзе ўборачная кампанія, з раніцы і да позняга вечара на палях зладжана працуюць камбайны, шчыруюць на адвозцы збожжа вадзіцелі.
Хуткімі тэмпамі ў раёне ідзе ўборачная кампанія, з раніцы і да позняга вечара на палях зладжана працуюць камбайны, шчыруюць на адвозцы збожжа вадзіцелі. Многія механізатары паспелі ўжо ўбраць больш як 500 тон, і ўжо не за гарамі час, калі стане вядомым імя першага тысячніка. Вельмі прыемна, што на ўборцы актыўна працуюць, маюць высокія працоўныя паказчыкі не толькі вопытныя, а і маладыя камбайнеры. Для таго, каб ад душы павіншаваць працаўнікоў з удалымі намалотамі, выказаць у іх адрас цёплыя словы, прама ў поле выехалі старшыня Віцебскага абкама прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамбудматэрыялаў Васіль Юсікаў, галоўны тэхнічны інспектар абкама прафсаюза Сяргей Воўк і старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Сяргей Марціновіч. З даўніх часоў праца хлебароба ўслаўлялася песнямі. Яны дапамагалі работнікам жніва ў нялёгкай працы -- узнімалі настрой, дарылі працоўную энергію і аптымізм. Добрая традыцыя, якая прайшла праз дзесяцігоддзі, захавалася і ў наш час. Для таго, каб ад душы павіншаваць хлебаробаў песнямі, у поле выехалі і работнікі аўтаклуба арганізацыйна-метадычнага цэнтра аддзела культуры. …Па моры спелых буйных каласоў рухаюцца камбайны -- зладжана працуюць камбайнеры ААТ “Чарэйшчына” Сяргей Плігаўка і Руслан Грабавенка, а таксама іх памочнікі Дзмітрый Пузатка і Андрэй Кулакоў.
…З сцэнічнай пляцоўкі ў адрас хлебаробаў гучаць цёплыя вершаваныя радкі. Шчыра вітае працаўнікоў поля метадыст арганізацыйна-метадычнага цэнтра Таццяна Еўтушэнка. З цёплым віншаваннем да працаўнікоў звярнуўся таксама старшыня Віцебскага абкама прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамбудматэрыялаў Васіль Юсікаў. За поспехі на жніве ён уручыў Падзяку, памятныя падарункі і грашовыя прэміі Руслану Грабавенку і Андрэю Кулакову – лідарам сярод маладзёжных экіпажаў. Цёплыя віншаванні прагучалі таксама ў адрас Сяргея Плігаўкі, які ўжо не першы год дасягае на жніве тысячнага намалоту, Дзмітрыя Пузаткі. Цёпла прывіталі са сцэны механізатараў таксама старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Сяргей Марціновіч, дырэктар ААТ “Чарэйшчына” і старшыня прафсаюзнага камітэта сельскагаспадарчай арганізацыі Людміла Усовік.