Правілы бяспечных паводзін на вадзе
Ні для каго не сакрэт, што лепшы адпачынак — гэта адпачынак ля вады. Многія любяць праводзіць час на беразе: займацца спортам, рыбачыць, катацца на лодках і гідрацыклах.
Аднак вада можа прыносіць не толькі задавальненне, але і прыводзіць да трагічных наступстваў. З надыходам купальнага сезона рэзка ўзрастае колькасць адпачывальнікаў ля вадаёмаў, і, на жаль, павялічваецца колькасць няшчасных выпадкаў — нават на тых месцах, якія на першы погляд здаюцца самымі бяспечнымі.
Каб адпачынак ля вады не абярнуўся бядой, неабходна выконваць асноўныя правілы бяспекі:
1. Купайцеся толькі ў дазволеных месцах, на добраўпарадкаваных пляжах, дзе ёсць выратавальныя пункты.
2. Не нырайце ў незнаёмых месцах — на дне могуць апынуцца затопленыя бервяны, камяні, карчакі і іншыя небяспечныя прадметы.
3. Ніколі не пакідайце дзяцей без нагляду, нават на мелкім месцы.
4. Не ладзіце небяспечныя гульні на вадзе, звязаныя з захопам рук ці ног.
5. Падчас купання не заплывайце за пазначаныя буйкі і не набліжайцеся да лодак і судоў.
6. Не ўжывайце спіртныя напоі, знаходзячыся ля вады і тым больш падчас плавання.
Беражыце сябе і сваіх блізкіх!