У рамках рэспубліканскай акцыі «Бяспечны Новы год!» работнікі Лепельскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях наведалі аддзяленне кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту «Святліца» в. Камень.

Безумоўна, большую частку часу пенсіянеры з аддзялення кругласутачнага знаходжання знаходзяцца пад наглядам, аднак некаторыя з іх у вяснова-летні перыяд вяртаюцца ў свае дамы, перасяляюцца да сваякоў. Таму нагадаць аб асноўных правілах бяспекі не было лішнім.

Прадстаўнікі МНС правялі гутарку па асновах бяспекі жыццядзейнасці, падкрэсліўшы, што перадсвяточны перыяд суправаджаецца рэзкім павелічэннем колькасці пажараў і траўм у выніку парушэння правілаў пажарнай бяспекі пры падрыхтоўцы да святаў.

Далей ратавальнікі прапанавалі пенсіянерам самастойна адшукаць парушэнні на макеце печы, а праілюстраваўшы бытавую сітуацыю, якая можа адбыцца з кожнай гаспадыняй на кухні, наглядна паказалі, як неабходна патушыць пакінутую ежу на пліце.
Не абышлася сустрэча і без галоўнага сімвала Новага года – «Пажарнага Дзеда Мароза». Цікавымі конкурсамі вясёлы дзядуля адразу ж прыцягнуў увагу ўдзельнікаў мерапрыемства. З вялікім задавальненнем удзельнікі акцыі выбіралі бяспечныя прадметы для ўпрыгожвання ёлачкі, гулялі ў гульню «Верю - не верю», адгадвалі навагоднія песні.

У канцы сустрэчы акрамя правілаў бяспекі калектыў Каменскага Дома культуры падарыў людзям канцэртную праграму, а разам з ёй і зарад станоўчых эмоцый і добрага настрою. Супрацоўнікі МНС, у сваю чаргу, пажадалі ўсім моцнага здароўя і захавання правілаў бяспекі.