3 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад Беларусі рыхтуе меры па стабілізацыі сітуацыі на валютным рынку. Аб гэтым паведаміў журналістам віцэ-прэм'ер Сяргей Румас сёння па выніках пасяджэння Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Ёсць матрыца, якую мы ўзгаднілі з Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС, там прапісаны канкрэтныя крокі", - адзначыў віцэ-прэм'ер.
Як сказаў Сяргей Румас, прэм'ер-міністр паставіў задачу літаральна па днях распісаць тыя мерапрыемствы з Нацыянальным банкам, "якія мы будзем прымаць сёння, працуючы над гэтымі крокамі". На працягу літаральна 10-14 дзён сітуацыя вырашыцца, лічыць віцэ-прэм'ер.
Ён таксама прызнаў, што ўрад прымае ўсю тую крытыку, якая прагучала ў яго адрас на пасяджэнні Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях ад прафсаюзаў. "Гэтая крытыка правільная, за сітуацыю, якая ёсць, мы павінны адказваць", - сказаў Сяргей Румас.
Ён таксама паведаміў, што з пастановы ўрада нумар 662 будзе зняты грыф "для службовага карыстання". У гэтым дакуменце выкладзены мерапрыемствы ўрада па стабілізацыі сітуацыі на валютным рынку. "Я буду прасіць прэм'ер-міністра зняць грыф "для службовага карыстання" з гэтага дакумента", - адзначыў віцэ-прэм'ер, удакладніўшы, што большасць пунктаў гэтага дакумента ўжо вядомыя, яны цытаваліся, абмяркоўваліся. Таму, лічыць віцэ-прэм'ер, тут няма ніякай сакрэтнасці, мы не павінны закрываць гэты дакумент ад грамадскасці. Так што дадзенае пытанне будзе вырашана, запэўніў Сяргей Румас.-0-
БЕЛТА
Урад Беларусі рыхтуе меры па стабілізацыі сітуацыі на валютным рынку - С.Румас
3.6.20110 праглядаў