8 кастрычніка, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. Урад Беларусі мае намер забяспечыць выкананне прагнозу па прыросту ВУП на 5-5,5% у 2012 годзе. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам у парламенце прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Прэм'ер-міністр падкрэсліў, што ўрад Беларусі зробіць усё для таго, каб выканаць планы па тэмпе росту ВУП у 2012 годзе на ўзроўні 105-105,5%. "Прагноз, я думаю, мы забяспечым", - сказаў Міхаіл Мясніковіч. Міністр фінансаў Андрэй Харкавец у сваю чаргу адзначыў, што чакаецца пазітыўны рух у частцы ўкладу чыстых падаткаў у рост ВУП за верасень. "Яшчэ не да канца зроблены разлікі, але пазітыўны рух будзе", - сказаў ён. Кажучы аб магчымых крыніцах прыросту ВУП краіны на 8,5% у 2013 годзе, прэм'ер-міністр адзначыў: "Па-першае, мы мяркуем, што ў нас актывізуецца праца той галіны, якая сёння мае некаторае адставанне - гэта будаўніцтва. Планы па інвестыцыях, планы па жыллёвым будаўніцтве - гэта будзе пэўны ўклад. Прамыя замежныя інвестыцыі, даступнасць крэдытных рэсурсаў, гэта таксама плюс будзе даваць рост эканомікі". Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што, на жаль, сёння не ўсе рэгіёны дастаткова роўна дадаюць, напрыклад, адстае па валавым рэгіянальным прадукце, ідзе ніжэй за ўзровень мінулага года Брэсцкая вобласць. "Я мяркую, што яна таксама павінна дадаць, як і іншыя вобласці, да ўзроўню сярэднерэспубліканскага. Гэта таксама пэўныя рэзервы", - адзначыў прэм'ер-міністр. "Ну і, безумоўна, тое, што мы гаворым аб мадэрнізацыі, гэта павінна паўплываць на рост аб'ёмаў вытворчасці. Тут трэба адначасова вытворчасць разглядаць з продажамі", - падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. Ва ўмовах нестабільнасці на сусветных таварных рынках, вядома, ёсць пэўныя цяжкасці з рэалізацыяй прадукцыі, як сельскагаспадарчай, так і прамысловай, звярнуў увагу прэм'ер. У свеце перавытворчасць прадукцыі, якую ў тым ліку выпускае Беларусь. "Таму трэба працаваць над зніжэннем сабекошту, трэба павышаць якасць для таго, каб беларуская прадукцыя прадавалася дастаткова актыўна. Гэта таксама галоўная крыніца росту ВУП і іншых паказчыкаў. Безумоўна, для гэтага трэба прыняць вельмі шмат рашэнняў, у тым ліку і арганізацыйна-прававога рэфармавання", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.-0-

БЕЛТА