Урад Беларусі, наймальнікі і прафсаюзы падпісалі генеральнае пагадненне на 2011-2013 гады
30.12.20100 праглядаў
30 снежня, Мінск /Людміла Сац - БЕЛТА/. Урад Беларусі, рэспубліканскія аб'яднанні наймальнікаў і прафсаюзы падпісалі генеральнае пагадненне на 2011-2013 гады, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як адзначыў першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка, падчас падрыхтоўкі генпагаднення асаблівых спрэчак паміж бакамі не было. "Мы зыходзілі з рэальных магчымасцей беларускай эканомікі, з перспектыўных напрамкаў яе развіцця, прынятых на IV Усебеларускім сходзе, з задач, пастаўленых кіраўніком дзяржавы", - сказаў ён.
Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік падкрэсліў, што папярэдняе генпагадненне рэалізоўвалася ў няпросты для краіны перыяд, звязаны з сусветным фінансавым крызісам. На яго думку, урад Беларусі рабіў максімум намаганняў, каб рэалізаваць гэта пагадненне.
Што тычыцца пагаднення на 2011-2013 гады, то Леанід Козік адзначыў, што падчас яго падрыхтоўкі "складана было ўзгадніць пазіцыі, каб лічбы аказаліся рэальнымі". Вядома, прафсаюзы хацелі, каб быў большы рост заработнай платы, меншыя тарыфы на ЖКГ і іншыя паслугі для насельніцтва. "Але мы прыйшлі да кампрамісу, зыходзячы з рэальнасці развіцця беларускай эканомікі. Людзі атрымаюць больш даходаў, пенсій, дапамог. Урадам распрацаваны шэраг мерапрыемстваў па падтрымцы малазабяспечаных і маладых сем'яў", - сказаў ён.
Таксама Леанід Козік дадаў: "Нас вельмі цікавіла мінімальная заработная плата. Мы лічым, што яна не можа быць малой. МЗП павінна пастаянна расці, каб памяншалася колькасць нізкааплатных грамадзян".
Па словах старшыні ФПБ, рэальныя даходы грамадзян пакрыюць выдаткі на ўтрыманне сям'і.
Леанід Козік таксама падзякаваў аб'яднанням наймальнікаў за прынцыповую пазіцыю па захаванні працоўных месцаў і прадпрыемстваў.
У сваю чаргу старшыня Канфедэрацыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў (наймальнікаў) Анатоль Харлап падзякаваў ураду за падтрымку розных галін эканомікі. Па яго словах, новае пагадненне - гэта новы ўзровень адказнасці усіх бакоў. "Калі ёсць агульны падыход, ёсць кампраміснае рашэнне, то ёсць упэўненасць, што мы здолеем дасягнуць запланаванага", - падкрэсліў Анатоль Харлап.
Прадстаўляючы праект генеральнага пагаднення, намеснік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Тур адзначыў, што вядучую ролю ў гэтым пагадненні адыгрываюць палажэнні, якія вызначаюць эканамічную палітыку, заработную плату, даходы і ўзровень жыцця насельніцтва, сацыяльныя гарантыі, развіццё рынку працы і гарантыі занятасці насельніцтва, стан аховы працы і экалагічнай бяспекі. Палажэнні дакумента закранаюць інтарэсы большасці насельніцтва рэспублікі.
У адпаведнасці з пагадненнем штогадовы прырост ВУП павінен адпавядаць параметрам праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011-2015 гады. Пры гэтым бакі сацыяльнага партнёрства сумеснымі намаганнямі павінны дамагацца развіцця эканомікі, умацавання фінансавага становішча яе галін шляхам стварэння макраэканамічных умоў для стымулявання эканамічнага росту, структурнай перабудовы і павышэння на гэтай аснове жыццёвага ўзроўню насельніцтва.
У гэтых мэтах будзе працягнута практыка стымулявання распрацоўкі і рэалізацыі інвестыцыйных праектаў высокатэхналагічных і навукаёмістых вытворчасцей і сектараў эканомікі, якія забяспечваюць эканамічны эфект. Актуальнай застаецца задача ўмацавання фінансавага становішча арганізацый.
Для далейшага павышэння ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва будзе праводзіцца актыўная сацыяльная палітыка. Яе найважнейшымі задачамі з'яўляюцца рост рэальнага ўзроўню ўсіх відаў грашовых даходаў насельніцтва і забеспячэнне эфектыўнай падтрымкі сацыяльна ўразлівых катэгорый грамадзян. Таксама прадугледжаны меры па павышэнні ўзроўню даходаў насельніцтва, у тым ліку рэальнай заработнай платы як асноўнай крыніцы іх фарміравання і важнага стымулу актывізацыі працоўнай дзейнасці.
У 2011-2013 гадах прадугледжваецца забяспечыць рост рэальнай заработнай платы і сярэдняй заработнай платы ў адпаведнасці з разліковымі балансавымі паказчыкамі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, у галіне ўдасканалення сістэмы пенсійнага забеспячэння - павышэнне мінімальнай пенсіі па ўзросту. Таксама прадугледжаны палажэнні, накіраваныя на развіццё рынку працы і садзейнічанне занятасці насельніцтва ў цэлым, на захаванне працоўных месцаў і стварэнне новых, а таксама меры сацыяльнай абароны і падтрымкі насельніцтва рэспублікі. -0-
БЕЛТА