27 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад Беларусі завяршае выпрацоўку комплексу мерапрыемстваў, якія дазволяць утрымаць інфляцыю на ніжняй мяжы ў 19%, а магчыма, застацца на працягу 2012 года на ўзроўні 15-16%. Аб гэтым Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку 27 лютага далажыў намеснік прэм'ер-міністра Сяргей Румас, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Прэзідэнту дакладзена аб сітуацыі на валютным рынку і мерах, якія прымае ўрад па недапушчэнні неабгрунтаванага росту цэн. Пытанні функцыянавання валютнага і спажывецкага рынку знаходзяцца на пастаянным кантролі кіраўніка дзяржавы.
За тры тыдні лютага інфляцыя склала 1,4%. Найбольшы ўклад у яе ўнеслі паслугі вышэйшай адукацыі, якія выраслі на 19%, а таксама выраўноўванне акцызаў на алкагольную прадукцыю.
Цэны больш чым па 40% таварных пазіцый, па якіх вядзецца маніторынг, захаваліся альбо на ўзроўні студзеня, альбо на працягу лютага сталі ніжэйшымі. Па словах Сяргея Румаса, гэта сведчыць аб тым, што манетарныя фактары інфляцыі ўжо адышлі на другі план і з пачатку года па шэрагу таварных пазіцый назіраецца стабілізацыя.
Кіраўнік дзяржавы даручыў не здымаць з штодзённага кантролю дынаміку цэн.
Што тычыцца сітуацыі на валютным рынку, то яна таксама стабільная. Растуць уклады насельніцтва ў банках. Так, па выніках лютага рост тэрміновых укладаў толькі па беларускіх рублях прагназуецца на ўзроўні Br1 трлн.
На сустрэчы размова ішла таксама аб Еўразійскай эканамічнай камісіі, якая пачала працу са студзеня 2012 года. Кіраўнік дзяржавы праінфармаваны аб тым, як ідзе ўкамплектаванне дэпартаментаў ЕЭК. Беларусь мае квоту ў памеры 6%. На шэраг кіруючых пасад у дэпартаментах аб'яўлены конкурсы, некаторыя з іх ужо завершаны, і грамадзяне Беларусі загадамі прызначаны на кіруючыя пасады ЕЭК.-0-
БЕЛТА
Урад Беларусі разлічвае ўтрымаць інфляцыю ў 2012 годзе на ўзроўні 15-16%
27.2.20120 праглядаў