23 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад Беларусі распрацаваў новую сістэму мер дзяржпадтрымкі рэальнага сектара эканомікі. Пра гэта паведаміў 20 мая прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы з журналістамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па словах Міхаіла Мясніковіча, урад у апошні час актыўна працаваў над удасканаленнем мер дзяржпадтрымкі і ў выніку выпрацаваў новыя падыходы, якія дазволяць "расчысціць завалы" ў старой сістэме. Беларусь, да прыкладу, ставіць задачу, каб да канца пяцігодкі аб'ёмы вытворчасці малака былі 10,5 млн. т у год. Сёння - 6 млн. т у год. Але гэта ж не толькі справа фермераў і калектываў. Гэта дзяржаўная задача. Гэта дзяржаўны прыярытэт. Значыць, дзяржава павінна стварыць умовы, каб будаваліся малочна-таварныя фермы, рэканструяваліся старыя і каб у выніку быў запланаваны апярэджваючы рост аб'ёмаў вытворчасці. Па словах Міхаіла Мясніковіча, пад гэтыя прыярытэты павінны быць і адпаведныя ўмовы, у тым ліку льготнае крэдытаванне. "Мы прынялі такое рашэнне і будзем дакладваць Прэзідэнту ў бліжэйшы час, што гэта (дзяржпадтрымка. - Заўвага. БЕЛТА) павінна ажыццяўляцца не проста метадам раздачы кожнаму калгасу, а на конкурснай аснове тым, хто прапануе лепшыя ўмовы і лепшы бізнес-план", - растлумачыў Міхаіл Мясніковіч. Пэўная падтрымка будзе аказвацца і тым гаспадаркам, якія знаходзяцца ў аб'ектыўна горшых кліматычных умовах. Але гэты фактар не павінен быць галоўным, "інакш будзе проста раздача грошай на гектар сельгасугоддзяў". Таксама пры аказанні дзяржпадтрымкі сельгаспрадпрыемствам будуць улічвацца сумы падтрымкі, якія былі аказаны той ці іншай гаспадарцы, таму ці іншаму рэгіёну раней.-0-

БЕЛТА