2 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад плануе абмеркаваць у пачатку кастрычніка магчымы пераход Беларусі на зімовы час, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Віктар Назаранка.
Распрацоўкай рэкамендацый па парадку вылічэння часу ў Беларусі займаецца міжгаліновая камісія часу, частаты і вызначэння параметраў кручэння Зямлі, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі Мінздароўя, Мінтранса, Мінэнерга, Нацыянальнай акадэміі навук і іншых зацікаўленых органаў кіравання і ўстаноў. "Камісія накіравала свае прапановы ва ўрад. У пачатку кастрычніка адбудзецца пасяджэнне Прэзідыума Савета Міністраў, на якім гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца", - канстатаваў Віктар Назаранка.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што Дзяржстандарт не бачыць дастатковых падстаў для пераходу краіны на зімовы час. "Тых абгрунтаванняў, якія прадставілі асобныя органы дзяржкіравання на карысць пераводу стрэлак гадзінніка, недастаткова. Мы б не пераводзілі час, а захавалі б так, як сёння ў Беларусі ёсць", - адзначыў Віктар Назаранка.
Беларусь адмовілася ад пераходу на сезонны час у 2011 годзе. Гэта рашэнне было прынята пастановай Саўміна ад 15 верасня 2011 года №1229 з мэтай забеспячэння на тэрыторыі рэспублікі ўзгодненага з дзяржавамі - удзельнікамі Мытнага саюза вылічэння часу, а таксама поўнага выкарыстання светлага часу сутак, паляпшэння ўмоў працы і адпачынку насельніцтва рэспублікі. З 2011 года адмяніла сезонны перавод стрэлак і Расія. Аднак 1 ліпеня 2014 года Дзярждума Расійскай Федэрацыі прыняла рашэнне вярнуць у краіну зімовы час. Перавод стрэлак будзе праведзены 26 кастрычніка 2014 года. На расійскай тэрыторыі ўсталёўваецца 11 гадзінных зон. Маскоўскі час будзе служыць зыходным пры вылічэнні мясцовага часу ў гэтых зонах.