30 чэрвеня, Мінск /Ірына Рэут - БЕЛТА/. Урад робіць правільныя крокі па стабілізацыі беларускай эканомікі. Пра гэта заявіў сёння журналістам напярэдадні заключнага пасяджэння 6-й сесіі Савета Рэспублікі старшыня Савета Рэспублікі Анатоль Рубінаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сапраўды, у нас стварылася няпростая абстаноўка ў краіне, падняліся цэны, з'явіліся праблемы з валютай. Аднак гэтыя збоі ніяк не звязаны з заганамі нашай сістэмы развіцця або з тым, што мы выбралі не той шлях", - падкрэсліў Анатоль Рубінаў.
Ён таксама адзначыў, што за апошнія 10 гадоў беларуская эканоміка актыўна развівалася па ўсіх напрамках. Фінансавы збой, на яго думку, здарыўся таму, што ў краіне павялічыліся валютныя выдаткі, у прыватнасці, за нафту і электраэнергію, а выручка ад продажу беларускіх тавараў паменшылася.
"Мы ў свой час не адразу звярнулі на гэтыя працэсы ўвагу, аднак страшнага ў гэтым нічога няма", - адзначыў Анатоль Рубінаў. Падобныя эканамічныя збоі бываюць ва ўсіх краінах.
Ён падкрэсліў, што ў цяперашні час беларускі ўрад робіць усё неабходнае, каб змяніць эканамічную сітуацыю ў краіне. "Калі б мы выкінулі на рынак усе наяўныя запасы валюты, то аўтаматычна вырасла б спекулятыўная цана, што ўдарыла б і па прадпрыемствах, і па насельніцтве", - лічыць старшыня Савета Рэспублікі.
Ён таксама адзначыў, што намечаны неабходныя крокі па стабілізацыі валютнага курса. Паводле яго слоў, ужо да канца года ён будзе выраўнаваны.
"Тое, што адбываецца сёння - гэта экзамен для народа, і нам неабходна сёння згуртавацца", - падкрэсліў Анатоль Рубінаў. Тым слаям насельніцтва, якія апынуліся ў самым цяжкім становішчы, будуць ажыццёўлены разавыя выплаты. Невялікімі тэмпамі будуць падвышацца і пенсіі, і заработныя платы.-0-
БЕЛТА
Урад робіць правільныя крокі па стабілізацыі беларускай эканомікі - А.Рубінаў
30.6.20110 праглядаў