Першы намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Турчын у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" сказаў, што для прыросту ВУП у 2019 годзе на 4% ёсць рэзервы, паведамляе БЕЛТА.

"Думаю, што лічба па росце ВУП у 4% - гэта як раз крыху вышэй за тэмп росту сусветнага ВУП, але дасягальная. Мы бачым, што рэзервы для росту ВУП ёсць, і нямалыя. Нам трэба зрабіць больш рашучыя крокі ў розных напрамках, каб гэта ажыццявілася", - праінфармаваў першы віцэ-прэм'ер. Паводле яго слоў, першы крок для павышэння эфектыўнасці - нармальнае карпаратыўнае кіраванне. Неабходна выбудаваць эфектыўнае кіраванне, каб надаць імпульс развіццю прадпрыемстваў.

"Мы ўнеслі ў Адміністрацыю Прэзідэнта праект указа па шэрагу прадпрыемстваў, назіральны савет якіх павінны ўзначаліць вышэйшыя службовыя асобы, плюс топ-100 акцыянерных таварыстваў нашай краіны, на якіх мы выбудуем нармальную эфектыўную сістэму карпаратыўнага кіравання", - працягнуў Аляксандр Турчын, дадаўшы пры гэтым, што не толькі чыноўнікі будуць узначальваць назіральныя саветы.

Першы намеснік прэм'ер-міністра расказаў, што Міністэрства эканомікі праводзіла разлікі, які памер ВУП можа быць у нашай краіне пры рознай прадукцыйнасці працы. "Калі б мы дасягнулі вынікаў па гэтых прадпрыемствах-лідарах, то ў прынцыпе Br150 млрд (ВУП) мы б мелі", - заўважыў ён.

Аляксандр Турчын таксама адзначыў, што з 1 ліпеня 2019 года ўвойдзе ў сілу новы закон аб дзяржаўных закупках. Таму зараз зацікаўленыя дзяржорганы рыхтуюць электронную платформу для дзяржзакупак. "Па выніках мінулага года каля 80% дзяржаўных сродкаў, якія былі выдаткаваныя на закупкі, былі выкарыстаны па працэдуры з адной крыніцы. Важна тое, што сістэма закупкі з адной крыніцы з 1 ліпеня запрацуе ў тэставым рэжыме, а з 1 студзеня 2020 года будзе насіць абавязковы характар. Усе закупкі будуць у электронным выглядзе, яны будуць празрыстыя. Мы будзем бачыць, хто, што і за колькі закупляе. Гласнасць і грамадскі кантроль - найлепшы спосаб барацьбы з карупцыяй", - рэзюмаваў першы віцэ-прэм'ер.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)