22 чэрвеня, Горкі /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. Урад возьме пад кантроль ход рэканструкцыі малочна-таварных ферм у Віцебскай вобласці. Пра гэта паведаміў журналістам у Горках прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч, які з рабочай паездкай наведвае Віцебскую і Магілёўскую вобласці. Па словах кіраўніка ўрада, калі ацэньваць ход работ па рэканструкцыі малочна-таварных ферм па краіне, то Віцебская вобласць сур'ёзна адстае ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі. Тут трэба забяспечыць рэканструкцыю 228 сельскагаспадарчых аб'ектаў. На большасці ферм гэтая работа ідзе, але казаць, што сістэмна, на жаль, не даводзіцца. Таму зроблена цэлы шэраг даручэнняў па ўдакладненні праектных рашэнняў, крыніцах фінансавання. "Мы таксама прынялі кіраўніцкае рашэнне - разбіць Віцебскую вобласць на тры вялікія рэгіёны. Адзін з іх будзе пад маім асабістым кантролем, другі пад кантроль возьме старшыня КДК Аляксандр Якабсон, а трэці - мой намеснік Анатоль Тозік. Я ўпэўнены, што дзякуючы такому сур'ёзнаму патранажу будуць аператыўна вырашацца ўсе праблемныя пытанні, і мы справімся ў намечаныя тэрміны з гэтай працай", - сказаў Міхаіл Мясніковіч. Аналагічнае пытанне па ходзе рэканструкцыі МТФ было разгледжана і па Магілёўскай вобласці, дзе трэба ўвесці ў строй 162 аб'екты. З іх роўна 100 - будуць фактычна новыя фермы, якія складаюцца з двух памяшканняў для жывёлы і малочнага блока. Работы трэба выканаць вельмі шмат, але яны апраўдаюць укладзеныя сродкі, таму што ў выніку аграрыі вобласці атрымаюць сучасную матэрыяльна-тэхнічную базу малочнага жывёлагадоўлі. "У гэтай справе магіляўчане малайцы, хоць ім трэба будзе вельмі сур'ёзна і напружана папрацаваць. Мы дамовіліся па ўсіх пытаннях, якія трэба вырашыць у бліжэйшы час, у тым ліку па матэрыяльных і фінансавых рэсурсах. Галоўнае, што на кожным аб'екце ідзе актыўная работа, практычна няма сумневаў, што яна будзе завершана ў тэрмін", - канстатаваў Міхаіл Мясніковіч.-0-

БЕЛТА