5 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Праваахоўнікі Віцебскай вобласці пачалі рэйды па выяўленні незаконнай рэалізацыі піратэхнічных вырабаў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Пранько. У цэнтры ўвагі аператыўнікаў знаходзяцца рынкі, гандлёвыя рады і павільёны каля магазінаў, тэрыторыя каля навучальных устаноў, дзе прадпрымальныя гандляры часта спрабуюць прадаваць непаўналетнім петарды і феерверкі. Узмацнілі сваю ўвагу і супрацоўнікі патрульна-паставой службы. Пільны кантроль за абаротам піратэхнічных вырабаў будзе ажыццяўляцца ў рэгіёне аж да Новага года, а таксама захопіць першую палову студзеня. Пры гэтым, нягледзячы на яшчэ далёкія святы, першы ў гэтым годзе нелегальны факт продажу гэтага тавару праваахоўнікі ўжо выявілі: 2 снежня супрацоўнікі АБЭЗ Полацкага ГАУС ў адным з гандлёвых цэнтраў Полацка зафіксавалі рэалізацыю прадаўцом феерверкаў без сертыфікатаў якасці. Усяго ў яго было канфіскавана 22 адзінкі піратэхнічных вырабаў на агульную суму каля Br6,5 млн. Праводзіцца праверка. У новым сезоне адкрыты і лік пацярпелых у выніку неасцярожнага абыходжання з піратэхнікай: агнястрэльныя раны твару пры запуску піратэхнічнай ракеты атрымаў малады жыхар Оршы. Уладзімір Пранько звярнуў асаблівую ўвагу бацькоў на адказнасць, якую яны нясуць за дзеянні сваіх дзяцей. Так, трое законных прадстаўнікоў падлеткаў з Першамайскага раёна Віцебска, якія запускалі феерверкі, у канцы кастрычніка былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па арт.9.4 "Невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей" КоАП РБ, якая цягне папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да дзесяці базавых велічынь. За снежань 2011 года ў вобласці было канфіскавана каля 30 тыс. штук піратэхнічных вырабаў, супрацоўнікі органаў унутраных спраў рэгіёну і зацікаўленых ведамстваў правялі звыш 140 рэйдавых мерапрыемстваў па процідзеянні незаконнаму абароту і выкарыстанню піратэхнічных вырабаў. Канфіскацыі піратэхнікі праводзіліся ў Кастрычніцкім, Чыгуначным і Першамайскім раёнах Віцебска, Оршы, Полацку, Шаркаўшчынскім, Браслаўскім і Лепельскім раёнах.-0-

БЕЛТА