19 жніўня, Мінск /Ганна Грамыка - БЕЛТА/. Праваслаўныя вернікі сёння адзначаюць адно з дванаццаці найважнейшых хрысціянскіх свят - Праабражэнне Гасподняе Бога і Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста.

19 жніўня, Мінск /Ганна Грамыка - БЕЛТА/. Праваслаўныя вернікі сёння адзначаюць адно з дванаццаці найважнейшых хрысціянскіх свят - Праабражэнне Гасподняе Бога і Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста.

Яно ўстаноўлена за 40 дзён да Узвіжання Крыжа. Звязана з біблейскай падзеяй, калі Ісус, незадоўга да свайго распяцця, узышоў разам з трыма найбліжэйшымі вучнямі Іаанам, Іакавам і Пятром на гару Фавор памаліцца. Там апосталы ўбачылі Боскае Праабражэнне Хрыста. Твар Збавіцеля стаў падобны да святла маланкі, адзенне - белым, як снег. Ён стаяў, акружаны ззяннем, як сонца прамянямі. Збавіцелю з'явіліся два прарокі Майсей і Ілья і размаўлялі з ім. Гэта была размова аб галгофскай ахвяры, аб будучых Хрысту пакутах, аб тым, што грахі чалавечыя будуць адкуплены крывёю Сына Божага і Збавіцеля.

Сваім Праабражэннем Збавіцель паказаў людзям, якімі стануць яны ў будучым жыцці, у Царстве Нябесным, і як праабразіцца тады ўвесь наш зямны свет.

З гэтым днём звязаны старажытны звычай - благаслаўляць плады новага ўраджаю. У Беларусі гэта, як правіла, яблыкі. Таму свята таксама называюць у народзе Яблычны Спас. У гэты дзень асвячэннем яблыкаў і мёду задабрываюць надыходзячую восень. Сярод усіх пладовых дрэў яблыня асабліва шануецца ва ўсходніх славян. Яна не толькі сімвалізуе жыццё, вечнасць і несмяротнасць, лічылася, што яна можа надзяліць гэтым і чалавека, адарыўшы яго пладамі.

На Спас у многіх месцах асвечаныя ў царкве яблыкі неслі на могілкі, дзе кожнаму родзічу клалі на магілу па адным плодзе. "Спас" тлумачылі і па сугуччы з дзеясловам "спаць". Сцвярджалі, што зямля ў гэты дзень спіць, што трывожыць яе сон, а таму і працаваць нельга. У гэты дзень у старажытнасці прынята было дарыць збяднелых людзей усім, чым можна, са сабранага ўраджаю. Народная мудрасць кажа: "На Другі Спас і жабрак яблычка з'есць", "З Спаса-Праабражэння - надвор'е праабражаецца!", "Прыйшоў Другі Спас - бяры рукавіцы пра запас!".