Праваслаўныя вернікі сёння святкуюць Святое Богаяўленне, Хрышчэнне Гасподняе.

Праваслаўныя вернікі сёння святкуюць Святое Богаяўленне, Хрышчэнне Гасподняе.

Свята ўстаноўлена ў памяць хрышчэння Ісуса Хрыста ў рацэ Іардан. З Евангелля вядома, што Іаан Прадцеча, заклікаючы народ да пакаяння, хрысціў людзей у водах Іардана. Збавіцель, будучы бязгрэшным, не меў патрэбы ў ім, але са сціпласці сваёй прыняў хрышчэнне вадою, асвяціўшы пры гэтым яе сабою.

Па-іншаму свята называюць Богаяўленнем. Вядома, што пры хрышчэнні Збавіцеля Бог з'явіў сябе свету ў трох асобах свайго Боства: Бог Сын - Ісус Хрыстос прымаў хрышчэнне ў Іардане, Дух Святы сышоў на яго ў выглядзе голуба, Бог Айцец засведчыў Ісуса Хрыста голасам з неба. Таямніца Хрышчэння ярка адлюстравана ва ўсіх чатырох Евангеллях і ўяўляе сабой з'яўленне Госпада свету як Сына Божага.

Свята пачынаецца яшчэ ўвечары 18 студзеня, калі ўсе праваслаўныя адзначаюць Хрышчэнскі вечар, падчас якога, пасля літургіі ў храмах, адбываецца асвячэнне вады. Другі раз вада асвячаецца ў сам дзень Богаяўлення. Асвячаючы ваду, святар апускае крыж у спецыяльную хрышчэнскую палонку. Людзі вераць, што ў гэты час вада набывае гаючыя ўласцівасці і захоўвае іх на працягу года. Яе даюць піць цяжка хворым, ёю асвячаюць храмы і дамы.

Да нашых дзён захавалася традыцыя акунацца на Хрышчэнне ў палонку. Аднак варта памятаць, што зайсці ў хрышчэнскую палонку трэба, памятаючы пра рэлігійны сэнс гэтага дзеяння, бо абмыванне ў хрышчэнскай вадзе не ачышчае ад усіх грахоў "аўтаматычна".

Свята Хрышчэння робіць людзей адзінымі з Богам. Падчас абраду ў вадзе, якая з'яўляецца крыніцай новага жыцця, чалавек памірае для граху і ўваскрасае для Бога.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)