24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Святочны канцэрт "Полацк мой, мая памяць і гонар…" афіцыйна адкрые чараду мерапрыемстваў, прысвечаных 1150-годдзю Полацка. Канцэрт пройдзе днём 25 мая на галоўнай плошчы Полацка - плошчы Свабоды, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Міністэрства культуры Беларусі Юлія Віскуб. У канцэрце возьмуць удзел Беларускі дзяржаўны ансамбль "Песняры", заслужаная артыстка Беларусі Інна Афанасьева, Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Цытовіча, Беларускі дзяржаўны заслужаны харэаграфічны ансамбль "Харошкі", вакальны ансамбль "Чысты голас". У гэты ж дзень ансамбль "Харошкі" дасць канцэрт на галоўнай гарадской плошчы. У праграме - нумары з залатога фонду творчага калектыву ў пастаноўцы народнай артысткі Беларусі Валянціны Гаевай, якія ўвайшлі ў скарбніцу беларускай харэаграфіі, а таксама лепшыя інструментальныя нумары і песні ў выкананні аркестра і салістаў-вакалістаў. Артысты ансамбля "Харошкі" возьмуць удзел у урачыстым шэсці па Полацку ў касцюмах шляхты 16-17 стагоддзяў. Сапраўдным святам песні і паэзіі абяцае стаць канцэрт "Залатая калекцыя беларускай песні" 26 мая на галоўнай канцэртнай пляцоўцы горада на плошчы Свабоды. У ім возьмуць удзел папулярныя выканаўцы і калектывы беларускай эстрады. Прагучаць вядомыя песні беларускіх паэтаў і кампазітараў: "Родны мой горад", "Завіруха", "Заварожаная фея" у выкананні ансамбля "Верасы"; "Пах чабаровы" у выкананні ансамбля "Чараўніцы"; праслаўленыя "Завушніцы" Уладзіміра Мулявіна; "Янка Купала", "Бялявая, чарнявая", "Касіў Ясь канюшыну" і іншыя. Творчы праект "Залатая калекцыя беларускай песні" упершыню рэалізаваны ў 2011 годзе па ініцыятыве Міністэрства культуры Беларусі з мэтай развіцця сучаснай беларускай эстрады, падтрымкі і папулярызацыі беларускай песні і беларускага слова.-0-

БЕЛТА