Пагулялі, пахуліганілі, у пене белай пакруціліся

Пагулялі, пахуліганілі, у пене белай пакруціліся

Двухметровы «кветка» спрытна даганяе малых, што разбягаюцца, юныя мастакі ўмомант упрыгожваюць асфальт рознакаляровымі малюнкамі, а дзяўчынкі ў бальных сукенках дакладна вылічваюць крокі вальса… На гарадской плошчы – свята дзяцінства «Неразлучныя сябры».

Імпровізаваны «горад майстроў»

Куды ж накіравацца спачатку? Вочы разбягаюцца… Першымі ў поле зроку трапляюць рукадзельніцы. Даведаемся, якія майстар-класы прапануюць яны дзецям. Як ткаць сурвэтку-накідок, вучыць Яну Аксяновіч і Марыю Захарынскую настаўніца гуртка мяккіх цацак і сувеніраў «Чароўны свет» РДК Людміла Кунцэвіч. Пра свае вышыўкі, якія ляжаць на стале, расказвае яе выхаванка Анастасія Кузьмічонак: да прыкладу, аленяня яна вырабляла паўгода. Лісточкі ў італьянскай тэхніцы ганутэлі на вачах у дзяцей робіць кіраўнік аб'яднання па інтарэсах «Рукадзелле» РЦДМ Алена Лебедзева. Прынцып працы зразумелы: цяпер за ніткі бяруцца дзяўчынкі. Не без цікавасці разглядаюць маленькія модніцы ніткі «Траўка». Яшчэ б! Настаўніца паказвае, якую брошку на абруч з іх можна зрабіць. Непадалёк плеценыя з газет кошыкі і кветкі разыгрывае кіраўнік аб'яднання па інтарэсах «Эка-Арт» РЦДМ Марына Артэева. Модульнае арыгамі, пляценне вяроўкай, спіральная тэхніка – варыяцый вырабаў са звычайнай паперы, аказваецца, мноства. Побач з гатовымі працамі на стале – газетныя скруткі: жадаючыя могуць папрактыкавацца ў гэтым мастацтве. Зрабіць народную ляльку, саткаць пояс вучаць рабят майстры Дома рамёстваў Таццяна Размысловіч і Наталля Пятюхова.

Малюнкі на асфальце

Пакуль разглядала рукадзелле, два чароўныя блазны – супрацоўнікі РЦДМ Алена Макаранка і Жанна Кузіна – каля сцэны паспелі сабраць нямала дзетак. Дзяцей шчыра павіншаваў са святам старшыня райвыканкама Барыс Ефрэмаў. Сонечнага настрою і прачытаць зададзеныя стосы кніг, жадае ён непаседамі. А весялосць працягваецца. Задорныя песні, рытмічныя танцы – паказваюць свае таленты выхаванцы цэнтра. Іграе для дзяцей і духавы аркестр Заслаўскага ваеннага гарнізона.