7 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Свята духоўнай музыкі адкрываецца сёння ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле культуры Віцебскага гарвыканкама.
Мерапрыемства, арганізаванае ў 19-ы раз, аб'яднае лепшых выканаўцаў духоўнай музыкі вобласці. Так, у дзень адкрыцця выступленне артыстаў адбудзецца на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Для гледачоў выступяць народны гарадскі маладзёжны хор пад кіраўніцтвам Віталя і Аляксандра Раузо, камерны хор Цэнтра культуры "Віцебск", царкоўныя хоры Віцебскай епархіі, хор ветэранаў "Надзея", хор Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, мужчынскі хор "Акцыёз", хоры іншых устаноў адукацыі і культуры абласнога цэнтра і Ушачаў, а таксама сольныя выступленні таленавітых маладых музыкантаў.
Другі дзень свята, 8 студзеня, пройдзе ў сценах ніжняга храма Свята-Успенскага кафедральнага сабора. Велічнасць будынка, у якім будзе праходзіць канцэрт, а таксама майстэрства выканаўцаў - народнага гарадскога маладзёжнага хору і хору "Даўгава" Цэнтра латышскай культуры Даўгаўпілса (Латвія), дапамогуць стварыць у гледачоў натхнёны настрой і прасякнуцца чараўніцтвам Раства.
Акрамя ўдзелу ў асноўных мерапрыемствах свята гараджан і гасцей Віцебска чакае ў гэтыя дні і маса іншых цікавых падзей. Так, у музеях горада арганізаваны тэматычныя выстаўкі, раніцай пройдуць калядныя кірмашы, наведаць цікавыя забаўляльныя праграмы запрашаюць Цэнтр культуры "Віцебск" і Віцебская абласная філармонія, культурна-гістарычны комплекс "Залатое кальцо Віцебска "Дзвіна".-0-
БЕЛТА
Свята духоўнай музыкі адкрываецца ў Віцебску
7.1.20120 праглядаў