Серыя мерапрыемстваў, прысвечаных народнай творчасці, побыту і традыцыям Латвіі і Беларусі, можа прайсці летам 2019 года ў Віцебску.

Серыя мерапрыемстваў, прысвечаных народнай творчасці, побыту і традыцыям Латвіі і Беларусі, можа прайсці летам 2019 года ў Віцебску. Аб такой задумцы распавёў карэспандэнту БЕЛТА консул Латвіі ў Віцебску Угіс Скуя пасля адкрыцця выставы латвійскай мастачкі Аляксандры Шляхавой "Натхненне ў колеры".

"У наступным годзе ў Віцебску думаем правесці канцэрт якога-небудзь латвійскага хору, у нас багатая традыцыя харавой музыкі. Акрамя таго, ёсць ідэя арганізаваць серыю мерапрыемстваў, дзе пакажам народную творчасць, побыт і традыцыі латышоў і беларусаў, у прыватнасці, прадэманструем ганчарнае мастацтва. З латвійскага боку ўжо выказалі цікавасць некалькі аб'яднанняў майстроў", - адзначыў Угіс Скуя.

Своеасаблівае свята народных культур можа прайсці летам 2019 года ў перыяд паміж беларускім Купаллем і падобным латвійскім святам Ліго. Дакладны фармат мерапрыемства пакуль не вызначаны.

Супрацоўніцтва Латвіі і Віцебскай вобласці працягваецца ў сферах турызму, культуры, адукацыі, спорту, дзейнічаюць памежныя праграмы, распавёў дыпламат. З кожным годам колькасць мерапрыемстваў расце, пашыраецца геаграфія рэгіёнаў - удзельнікаў розных праектаў. Гарады-пабрацімы Рэзекнэ і Віцебск рэгулярна праводзяць абмены педагогаў, работнікаў культуры, спартсменаў. "У бізнесе ў асноўным супрацоўнічаем у сферы лагістыкі, дрэваапрацоўкі, тэкстыльнай і харчовай вытворчасці. Спадзяюся, што беларуска-латвійскі форум у Віцебску 29 лістапада пашырыць дыяпазон узаемнай цікавасці прадпрымальнікаў дзвюх краін", - адзначыў консул.

Выстава акварэлей, якая адкрылася ў Арт-цэнтры Марка Шагала, арганізавана пры падтрымцы консульства Латвіі ў Віцебску і прысвечана 100-гадоваму юбілею яе абвяшчэння. Экспазіцыю работ Аляксандры Шляхавой, прафесара Даўгаўпілскага ўніверсітэта, складаюць пейзажы і асацыятыўна-вобразныя акварэлі, створаныя ў 2014-2018 гадах.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)