Фестываль актыўнага адпачынку "Свята ветру" пройдзе на тэрыторыі парку імя Савецкай Арміі (Мазурына) у Віцебску 1 ліпеня, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА адзін з арганізатараў Уладзімір Булаўскі.

Фестываль актыўнага адпачынку "Свята ветру" пройдзе на тэрыторыі парку імя Савецкай Арміі (Мазурына) у Віцебску 1 ліпеня, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА адзін з арганізатараў Уладзімір Булаўскі.

Праграма свята вельмі насычаная і прапануе гасцям і ўдзельнікам цэлы спіс актыўнасцей з 12.00 да 20.00. Адной з ключавых падзей стане конкурс паветраных змеяў, у якім зможа паўдзельнічаць кожны. Таксама будзе арганізаваны летні маркет, free-маркет, кінапаказы кароткаметражак. А дзяцей чакае цэлая зона забаў з майстар-класамі і гульнямі.

Свята абяцае шмат незабыўных сустрэч прыхільнікам музыкі, паэзіі, а таксама ўсім дапытлівым дарослым і дзецям. У прыватнасці, свае паэтычныя выступленні публіцы падораць Андрэй Хадановіч, Алесь Снег і Дар'я Белькевіч; музычныя прывітанні перададуць калектывы "УЖЕ", The bright Insight і іншыя. А праект "Навука па-за сабой" у гэты раз выйдзе за межы залы абласной навукова-тэхнічнай бібліятэкі і запросіць у якасці чарговага спікера супрацоўніка энергетычнай праграмы Цэнтра экалагічных рашэнняў Арцёма Быстрыка. На лекцыі "Энергія ветру ў Беларусі" ён у даступнай форме ахарактарызуе прыродныя рэсурсы для выкарыстання ў ветраэнергетыцы ў Беларусі, пералічыць, дзе ўстаноўлены найбольш магутныя ветрагенератары, разгледзіць прыклады і магчымасці выкарыстання энергіі ветру ў прыватным домаўладанні. І ў якасці бонуса фізік, аўтар-выканаўца, лінгвіст Цімафей Авілін прачытае лекцыю па этнаастраноміі (па адным з вызначэнняў, навука, якая займаецца даследаваннем матэрыяльных і духоўных аб'ектаў народа, звязаных з нябеснымі целамі).

Фестываль "Свята ветру" з'яўляецца даўняй традыцыяй горада. Некаторы час ён не праводзіўся, але дзякуючы рэалізацыі праектаў "Творчы чацвер" і "Кірмаш праектаў" ініцыятыва адрадзіць свята знайшла падтрымку ў мясцовых улад. Мерапрыемства арганізавана пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама, грамадска-культурнай кампаніі "Будзьма беларусамі" і гарадскога Цэнтра культуры.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)