15 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прапановы па ўдасканаленні сістэмы аплаты працы педагогаў рыхтуюцца ў Беларусі. Аб гэтым у праграме "Галоўны эфір" тэлеканала "Беларусь 1" паведаміла намеснік прэм'ер-міністра Наталля Качанава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Дадзена даручэнне кіраўніка дзяржавы разгледзець пытанне аб заработнай плаце (педагогам. - Заўвага. БЕЛТА), таму што, вядома, праца няпростая", - адзначыла віцэ-прэм'ер.

Разглядаць статус настаўнікаў трэба, прымаючы пад увагу некалькі аспектаў - дзяржаўную падтрымку, неабходныя ўмовы для працы педагога і заработную плату. Наталля Качанава падкрэсліла, што гэта вельмі адказная праца, але яна павінна выконвацца на высокім узроўні, таму дастаткова высокай павінна быць заработная плата.

У сістэме аплаты працы педагогаў, якая выкарыстоўваецца сёння, улічваецца наяўнасць катэгорыі, педагагічны стаж, дадатковыя нагрузкі. "Гэта значыць, яна дыферэнцыравана ў нейкай меры. Разам з тым, яшчэ раз уважліва вывучаючы гэтыя пытанні, мы будзем уносіць прапановы аб заработнай плаце педагогаў", - сказала яна.

На думку Наталлі Качанавай, калі педагогі будуць выконваць сваю працу на належным узроўні, адпавядаць патрабаванням, якія прад'яўляюцца да настаўніка, ганарыцца сваёй прафесіяй, то, несумненна, статус будзе дастаткова высокім.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)