5 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Мяркуемыя змены ў сістэме спрошчанага падаткаабкладання знізяць падатковую нагрузку на суб'екты малога бізнесу і павялічаць колькасць плацельшчыкаў па гэтай прагрэсіўнай сістэме. Такую думку ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказала начальнік інспекцыі МПЗ па Віцебскай вобласці Таццяна Мясаедава.
Спрошчаная сістэма падаткаабкладання з'яўляецца адной з найбольш прывабных сістэм падаткаабкладання для суб'ектаў малога прадпрымальніцтва. Прыняты ў першым чытанні Палатай прадстаўнікоў праект бюджэту на наступны год прадугледжвае як павелічэнне крытэрыяў, якія дазваляюць шырэй яе прымяняць, так і змяншэнне ставак адзінага падатку. "Без сумневу, гэта стане яшчэ адным фактарам для павелічэння колькасці плацельшчыкаў па спрошчанай схеме, як следства - скарачэнне памылак у бухгалтарскім уліку і змяншэнне штрафных санкцый, якія прад'яўляюцца да спагнання за парушэнні. Акрамя таго, спрошчаная сістэма падаткаабкладання стымулюе выхад прыватнага бізнесу з ценю, што павялічвае колькасць плацельшчыкаў", - растлумачыла Таццяна Мясаедава.
Парадак прымянення спрошчанай сістэмы змяняўся ў 2012 годзе, у выніку чаго знізіліся стаўкі падатку без выплаты ПДВ з 8% да 7%, а пры выплаце ПДВ - з 6% да 5%. Акрамя таго, заяўны прынцып пераходу на спрошчаную сістэму падаткаабкладання ў гэтым годзе заменены на паведамляльны. Аналіз, праведзены падатковымі органамі Віцебскай вобласці, паказвае, што колькасць плацельшчыкаў па спрошчанай сістэме падаткаабкладання ў бягучым годзе вырасла. У студзені-жніўні бягучага года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года іх колькасць павялічылася на 1220 суб'ектаў, тэмп росту склаў 110,7%. За 8 месяцаў суб'екты гаспадарання ў спрошчаным парадку выплацілі ў кансалідаваны бюджэт Віцебскай вобласці Br227 млрд., што складае 3,7% ад агульных паступленняў за гэты перыяд. Па стане на 1 верасня 2012 года 12 618 суб'ектаў гаспадарання Віцебскай вобласці прымянялі спрошчаную сістэму падаткаабкладання, з іх 42,5% ад агульнай колькасці - юрыдычныя асобы, астатнія - індывідуальныя прадпрымальнікі.-0-
БЕЛТА
Мяркуемыя змены ў сістэме спрошчанага падаткаабкладання знізяць нагрузку на малы бізнес - эксперт
5.10.20120 праглядаў