Прадпрыемстваў з сярэднім заробкам менш за Br500 у Беларусі да канца года застанецца некалькі дзясяткаў. Пра гэта 10 лістапада заявіў міністр эканомікі Дзмітрый Крутой у эфіры тэлеканала "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.

Указ №401 "Аб параметрах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2020 год" прадугледжвае распрацоўку плана дадатковых мер для росту эканомікі. Па словах міністра, асобная ўвага будзе нададзена прадпрыемствам з нізкім заробкам. Цяпер у Беларусі прыкладна 470 арганізацый, на якіх людзі ў сярэднім атрымліваюць па Br500 і менш. "Да канца года пастаўлена задача максімальна знізіць колькасць такіх прадпрыемстваў, каб іх засталося некалькі дзясяткаў", - адзначыў Дзмітрый Крутой. Па арганізацыях, якія не могуць выплачваць па Br500-600, будуць прымацца сістэмныя рашэнні, падкрэсліў ён.

Акрамя таго, у 2019 годзе ўрад плануе разабрацца з сітуацыяй на прадпрыемствах, дзе заробак ніжэйшы за Br400. "Іх засталося дзевяць. Да канца года разабрэмся цалкам", - сказаў міністр.

Дзмітрый Крутой пракаментаваў некаторыя прагнозныя параметры 2020 года. Так, рост ВУП заplanаваны на 2,8%. У той жа час міжнародныя эксперты лічаць, што гэты паказчык будзе ніжэйшы. Яны, як растлумачыў кіраўнік Мінэканомікі, бяруць самыя негатыўныя, песімістычныя сцэнарыі, улічваючы, што ў Беларусі на наступны год пакуль няма дамоўленасцей з Расіяй па цане на газ і па пытанні кампенсацыі страт ад падатковага манеўру.

Міністр нагадаў, што на мінулым тыдні ў краіне працавала місія МВФ. Бакі абмяняліся данымі аб параметрах грашова-крэдытнай, фінансавай сферы, макраэканамічных паказчыках. "Думаю, у іх будзе ў бліжэйшы час апублікавана больш узважаная ацэнка па росце нашай эканомікі", - лічыць Дзмітрый Крутой.

Экспарт Беларусі ў наступным годзе павінен павялічыцца на 3,6%. Выпераджальнымі тэмпамі ён будзе расці ў частцы паслуг. У ліку лідэраў застанецца IT-сектар. Тэмп росту экспарту інфармацыйных паслуг заplanаваны на ўзроўні 110-112%. На другім месцы транспарт - 104-105%. Вялікі экспартны патэнцыял маюць адукацыя, ахова здароўя, фінансавы сектар, турызм. Цяпер з улікам гэтага распрацоўваюцца праграмы іх развіцця.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)