14 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Сельгаспрадпрыемствы Віцебскай вобласці часцей за іншых суб'ектаў гаспадарання рэгіёна парушаюць прыродаахоўнае заканадаўства. Такое меркаванне выказала карэспандэнту БЕЛТА старэйшы памочнік пракурора Віцебскай вобласці па наглядзе за выкананнем прыродаахоўнага заканадаўства Валянціна Хадосевіч па выніках праверкі выканання заканадаўства аб забаронах і абмежаваннях гаспадарчай і іншай дзейнасці ў водаахоўных зонах і прыбярэжных палосах водных аб'ектаў. Па словах Валянціны Хадосевіч, найбольш распаўсюджаныя і істотныя парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства ў водаахоўных зонах і прыбярэжных палосах вадаёмаў дапускаюць прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу, якія маюць у складзе жывёлагадоўчыя фермы і комплексы. "Пачынаючы з 2009 года пракуратурай вобласці на гэты факт неаднаразова звярталася ўвага Віцебскага аблвыканкама. Для вырашэння дадзенай праблемы ў лістападзе мінулага года старшынёй аблвыканкама быў зацверджаны План мерапрыемстваў па паляпшэнні экалагічнага стану водных аб'ектаў вобласці на 2011-2015 гады, які прадугледжвае вынас за межы водаахоўных зон 90 сельскагаспадарчых аб'ектаў", - сказала Валянціна Хадосевіч. "Праверка паказала, што пакуль становішча спраў па дадзеным пытанні ў лепшы бок істотна не змянілася", - канстатавала яна. Так, парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства ўстаноўлены ў Сенненскім раёне на фермах ААТ "Сенненскі райаграсэрвіс", "Сінегорскае", "Ульянавічы" і "Белая Ліпа". Небяспечна для навакольнага асяроддзя працуюць некаторыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы ў Лёзненскім раёне. Напрыклад, на ферме ў вёсцы Рублёва з 2010 года не прынята ніякіх мер па пераносе месца выгулу для жывёлы, размешчанага на мяжы водаахоўнай зоны і прыбярэжнай паласы ракі Чарніца, што стварае рэальную пагрозу забруджвання дадзенага воднага аб'екта.