16 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Прадпрыемствы канцэрна "Беллегпрам" прадаставяць "КІМу" таварны крэдыт на льготных умовах, гэта будзе адной з мер па стабілізацыі сітуацыі на віцебскім ААТ "КІМ", якое апынулася ў складаным фінансавым становішчы. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў першы намеснік старшыні канцэрна Уладзімір Астроўскі.
Сёння прадпрыемства мае значную запазычанасць перад бюджэтам. Для стабілізацыі сітуацыі на адным са старэйшых прадпрыемстваў галіны вырашана правесці своеасаблівую "санацыю ў ручным рэжыме". Такое рашэнне прынята сумесна памочнікам Прэзідэнта - галоўным інспектарам па Віцебскай вобласці Мікалаем Дамашкевічам, аблвыканкамам і канцэрнам "Беллегпрам", дадаў Уладзімір Астроўскі. Гэта азначае, што на працягу трох месяцаў прадпрыемству будзе аказана дапамога і створаны ўмовы для пералому негатыўных тэндэнцый і выхаду са створанай сітуацыі. Так, прадпрыемствы "Беллегпрама" прадаставяць "КІМу" таварны крэдыт у выглядзе пражы, трыкатажных палотнаў, фарбавальна-дапаможных рэчываў і г.п. на льготных умовах. Акрамя таго, плануецца скласці графік пагашэння запазычанасці і прыняць шэраг іншых мер арганізацыйнага плана, растлумачыў Уладзімір Астроўскі.
Мяркуецца, што пры падтрымцы канцэрна і мясцовых улад сам калектыў прадпрыемства павінен паказаць патэнцыял і даказаць здольнасць зарабляць. У цэлым "КІМ" выпускае добры асартымент прадукцыі, які карыстаецца попытам, аднак прадпрыемства мае патрэбу ў тэхнічным пераўзбраенні, асабліва гэта тычыцца фарбавальна-аздабляльнага абсталявання, якое значна састарэла, лічыць Уладзімір Астроўскі.
Па выніках трох месяцаў у залежнасці ад сітуацыі, якая складваецца, будуць прымацца далейшыя рашэнні па прадпрыемстве.-0-
БЕЛТА
Прадпрыемствы "Беллегпрама" прадаставяць "КІМу" таварны крэдыт на льготных умовах
16.11.20110 праглядаў