25 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Прадпрыемствы Віцебска атрымалі запрашэнне на форум гарадоў-пабрацімаў у Франкфурце-на-Одэры (Германія). Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла начальнік упраўлення эканомікі Віцебскага гарвыканкама Алена Жураўлева.
Запрашэнне было агучана падчас сустрэчы старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктара Нікалайкіна з замежнымі гасцямі - удзельнікамі Міжнароднага інвестыцыйнага форуму, які адкрыўся сёння ў Віцебску. Нямецкія партнёры выказалі зацікаўленасць прадукцыяй і інвестыцыйнымі прапановамі віцебскіх прадпрыемстваў. Віцебскі гарвыканкам прыняў гэту прапанову.
На форуме, які адкрыўся, каля ста прадпрыемстваў з усёй вобласці прадставілі свае інвестпрапановы, інавацыйныя распрацоўкі, новую прадукцыю, а таксама арганізавалі выставы-дэгустацыі і продажы тавараў. На форуме таксама былі прадстаўлены праекты па развіцці турыстычнай інфраструктуры Віцебска, уключаючы квартал на вуліцы Пакроўскай, дзе захаваўся дом, у якім нарадзіўся і жыў Марк Шагал. Цяпер у гэтым доме знаходзіцца мемарыяльны музей мастака.
Цікавасць да форуму праявілі гарады-партнёры, замежныя дэлегацыі і госці, у тым ліку з Хаскава (Балгарыя), Даўгаўпілса, Франкфурта-на-Одэры, Ступіна, Смаленска (Расійская Федэрацыя), прадстаўнікі замежных амбасад у Беларусі.
Міжнародны інвестыцыйны форум прымеркаваны да святкавання 1038-годдзя з дня заснавання горада.-0-
БЕЛТА
Прадпрыемствы Віцебска прымуць удзел у форуме гарадоў-пабрацімаў у Франкфурце-на-Одэры
25.6.20120 праглядаў