Прадпрыемствы Віцебскай вобласці актыўна ўключаюцца ў падтрымку акцыі МНС з сацыяльнай рэкламай, паведамілі БЕЛТА ў Віцебскім абласным упраўленні МНС.
Выратавальнікі Віцебскай вобласці працягваюць працу па размяшчэнні сацыяльнай рэкламы на таварах народнага спажывання з мэтай прыцягнення ўвагі пакупнікоў да пытанняў бяспекі. Цяпер яе можна ўбачыць і на прадукцыі ААТ "Віцебскхлебпрам": заклік для бацькоў "Не пакідайце дзяцей адных!" размешчаны на ўпакоўцы з печывам "Мішуткі".
"Апошнім часам гэтая тэма вельмі актуальная. Магчыма, набываючы печыва з вестачкай ад ратавальнікаў, бацькі лішні раз задумаюцца аб сумных падзеях, якія могуць адбыцца з дзецьмі, пакінутымі без нагляду", - падкрэслілі ў МНС.
У Лёзненскім раёне аб бяспецы нагадвае маляўнічы лагатып з выявай дзёрзкага хлапчука і надпісам "Ганарымся, што навучылі!", які размешчаны на ўпакоўцы тортаў, выпушчаных кандытарамі мясцовага райпо.
Дамоўленасць аб размяшчэнні сацыяльнай рэкламы дасягнута і з кіраўніцтвам ААТ "Веста". У крамах гэтай гандлёвай сеткі ўжо з'яўляюцца пакеты, на якіх асвятляецца іншая, але не менш вострая праблема: курэнне ў нецвярозым стане ў ложку.
Першымі прафілактычную акцыю МНС "За бяспеку разам" яшчэ ў снежні падтрымалі птушкафабрыка "Гарадок" і Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат, размясціўшы лагатыпы піяр-кампаніі на сваёй прадукцыі.