Прадпрыемствы Віцебскай вобласці з пачатку года паставілі ў рэгіёны Кітая прадукцыю па больш чым 10 таварных пазіцыях, паведамілі ў камітэце эканомікі Віцебскага аблвыканкама.

Каменціруючы пастаўкі прадукцыі прадпрыемстваў паўночнага рэгіёна, спецыялісты адзначылі, што ў студзені - лютым вобласць паставіла ў КНР прадукцыю па 13 таварных пазіцыях. "На працягу года і да яго канца гэтая наменклатура пашыраецца да 20. Рынак Кітая становіцца ўсё больш перспектыўным для беларускіх вытворцаў, у тым ліку прадпрыемстваў Віцебскай вобласці. Рост экспарту ў рэгіёны КНР набірае абароты", - падкрэслілі ў камітэце.

Асаблівым попытам карыстаюцца харчаванне і сельскагаспадарчая сыравіна. Гаворка пра мяса птушкі, малочную сыроватку, сухія сняданкі, кандытарскія вырабы, ільнавалакно. Акрамя іншага, у Паднябеснай запатрабаваны вырабленыя ў беларускім паўночным рэгіёне прысадкі да змазачных маслаў, вырабы дрэваапрацоўкі, шклавалакно, фітынгі і ільнатканіны.

"Пандэмія аказала негатыўны ўплыў на актывізацыю міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, і для нас сёння надзвычай важна не толькі аднавіць кантакты, але і выйсці на новы ўзровень адносін. У Кітаі зняты каранцінныя абмежаванні, і мясцовыя партнёры з правінцый, з якімі ў нас заключаны дагаворы аб развіцці пабрацімскіх сувязей, запрошаны для ўдзелу ў мерапрыемствах XI Міжнароднага эканамічнага форуму "Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы", - дадалі ў камітэце.

Форум запланаваны на 18-19 мая ў Летнім амфітэатры. Тут чакаюць дэлегацыі з правінцый Гуйчжоу, Гуаньчжоу, Хэйлунцзян, Цзянсі, Цындаа, Шаньдун, Чжэнцзян. Як тлумачаць спецыялісты, супрацоўніцтва працягваецца дыстанцыйна ў анлайн-рэжыме. Вядучыя прадпрыемствы рэгіёнаў прапануюць адзін аднаму свае распрацоўкі і тэхналогіі.

Крыніца: vitebsk-region.gov.by