31 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Прадпрыемствы Віцебскай вобласці плануюць на працягу 2013-2015 гадоў накіраваць на рэалізацыю праектаў па мадэрнізацыі і мерапрыемстваў па эфектыўным развіцці каля Br15 трлн., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце эканомікі Віцебскага аблвыканкама.
У ліку найбольш значных праектаў 2013 года ў аблвыканкаме назвалі працяг будаўніцтва лініі па выпуску парашкоў для шкляной прамысловасці ў ААТ "Даламіт". Акрамя таго, у ААТ "Полацк-Шкловалакно" плануецца павялічыць выпуск шкловалакна і шклопластыкавых вырабаў за кошт пашырэння ўчастка двухстадыйной вытворчасці шкловалакна ў цэху №12, а таксама арганізацыі вытворчасці канструкцыйных шкломат. ААТ "Нафтан" у рамках Праграмы развіцця на 2010-2015 гады будзе набыта абсталяванне для правядзення рэканструкцый установак гідраачысткі Л-24/7, першаснай перапрацоўкі нафты АТ-8, вакуумнага блока АВТ-2. ААТ "Завод керамзітавага жвіру" завершыць будаўніцтва цэха па вытворчасці керамзітабетонных вырабаў вытворчай магутнасцю 100 тыс.куб.м у год.
Асноўнымі крыніцамі фінансавання праектаў стануць крэдытныя рэсурсы і ўласныя сродкі прадпрыемстваў. У 2013 годзе ў вобласці працягнецца рэалізацыя больш як 500 мерапрыемстваў па рэалізацыі планаў мадэрнізацыі, на якія будзе накіравана Br5,7 трлн. Ажыццяўленне гэтых праектаў дазволіць да канца 2015 года забяспечыць сярэднямесячную заработную плату ў эквіваленце не менш за $1 тыс. і давесці выручку на аднаго працуючага больш за $100 тыс.
У рэгіёне з 2010 года рэалізуецца праграма развіцця прамысловага комплексу Віцебскай вобласці, разлічаная на перыяд да 2015 года. З пачатку яе рэалізацыі за перыяд 2010-2012 гадоў праведзена 383 мерапрыемствы па тэхнічным пераўзбраенні і мадэрнізацыі вытворчасцей, на якія накіравана амаль Br8,7 трлн. Увасабленне гэтых праектаў дазволіла атрымаць у разліку на аднаго працуючага за 11 месяцаў 2012 года выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, работ, паслуг у эквіваленце $83,8 тыс.
У Віцебскай вобласці планы мадэрнізацыі і мерапрыемствы па эфектыўным развіцці на перыяд да 2015 года рэалізуюць 1 137 арганізацый з 1 156 юрыдычных асоб. У 2012 годзе аб'ём інвестыцый у асноўны капітал у прамысловасці перавысіў Br5 трлн. і склаў 36,8% ад агульнага аб'ёму інвестыцый, прыцягнутых у эканоміку вобласці.-0-