28 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Прадпрыемствы рэспубліканскага ўнітарнага вытворчага прадпрыемства "Віцебскхлебпрам" накіравалі ў 2011 годзе ў асноўны капітал Br18,5 млрд., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аб'яднанні. Мадэрнізацыя прадпрыемстваў дазволіла абнавіць асартымент выпускаемай прадукцыі ў цэлым па аб'яднанні амаль на 70%, асвоіць выпуск новых відаў вырабаў і значна палепшыць якасць выпускаемай прадукцыі. Так, Віцебскі хлебазавод набыў тэхналагічнае абсталяванне для кандытарскага цэха, участку па вытворчасці булачных вырабаў, увёў у эксплуатацыю новую італьянскую лінію па вытворчасці сушак і палачак па-італьянску, на якой выпускаецца каля дзесяці відаў сухарна-бараначных вырабаў. Полацкі хлебазавод запусціў новую чэшскую лінію па выпуску подных хлебаў магутнасцю 400 кг у гадзіну. Кошт праекта склаў больш за Br1,7 млрд. Для Аршанскага хлебазавода асноўным праектам гэтага года стала рэканструкцыя кандытарскага цэха. Яго вытворчая магутнасць складае каля 1 т кандытарскіх вырабаў у месяц, што адпавядае раней выпускаемаму аб'ёму прадукцыі. Рэалізацыя праекта была накіравана на павышэнне якасці выпускаемых вырабаў і пашырэнне асартыменту. Глыбокскі і Навалукомльскі хлебазаводы прыступілі да рэканструкцыі кацельняў, што дазволіць ім аптымізаваць цеплазабеспячэнне прадпрыемстваў і знізіць энергазатраты. Іншыя філіялы РУВП "Віцебскхлебпрам" таксама праводзілі работы па тэхпераўзбраенні вытворчасцей, абнаўленні аўтапаркаў, развіцці фірменнага гандлю. За бягучы год, па папярэдніх даных, прадпрыемствы "Віцебскхлебпрама" выпусцілі прадукцыі на Br228,2 млрд. Хлебабулачных вырабаў выраблена 57,7 тыс.т (102,4% да ўзроўню мінулага года), кандытарскіх - 1,9 тыс.т (122,5%). Рэнтабельнасць продажаў па выніках студзеня-лістапада - 7,1%. У Расію экспартавана хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў на $1,3 млн. (150%). Запасы гатовай прадукцыі пры нарматыве 12% сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці чакаюцца на ўзроўні 8,5%-9%. У склад РУВП "Віцебскхлебпрам" уваходзяць 12 хлебазаводаў вобласці. Агульная колькасць працуючых складае каля 2,8 тыс. чалавек.-0-

БЕЛТА