На Прыдзвінскай зямлі яўка выбаршчыкаў перавысіла 75%, а ў некаторых раёнах склала больш за 80%. Аб папярэдніх выніках выбараў у мясцовыя Саветы і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на сустрэчы ў Медыяцэнтры Віцебскай вобласці расказаў старшыня абласной выбарчай камісіі Дзмітрый Хома.

Электаральнай кампаніі, якая праходзіла па новых правілах, Дзмітрый Хома даў станоўчую ацэнку. Ён падкрэсліў: адзіны дзень галасавання — не беларускае ноу-хаў, а практыка, якая ўжываецца ў многіх краінах свету.

— Яго прасцей арганізаваць. З іншага боку, і пэўная электаральная стомленасць выбаршчыкаў назіраецца, калі такія кампаніі праходзяць дастаткова часта, — падкрэсліў Дзмітрый Хома. — Вядома, гэты вопыт новы для ўсіх нас. Учора камісіі сутыкнуліся з пэўнымі складанасцямі, ішоў дастаткова складаны і доўгі падлік галасоў. Гэта значыць, час, затрачаны на яго, некалькі павялічыўся. Але для выбаршчыкаў гэта, безумоўна, зручна — у адзін дзень зрабіць свой выбар.

Былі агучаны папярэднія вынікі электаральнай кампаніі. На Віцебшчыне ў спісе па выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь было звыш 842 тысяч выбаршчыкаў. З іх прагаласавала 76, 27%. Па выбарах у мясцовыя Саветы яўка ў працэнтных адносінах аказалася крыху ніжэйшай — 75, 63% з больш чым 856 тысяч выбаршчыкаў. Пры гэтым ёсць рэгіёны, дзе актыўнасць насельніцтва аказалася асабліва высокай, — напрыклад, Бешанковіцкі, Дубровенскі раёны. Там яўка перавысіла 80%, паведаміў Дзмітрый Хома.

Нельга не сказаць пра тое, што адказнае стаўленне да свайго грамадзянскага абавязку прадэманстравала моладзь, якая ўдзельнічала ў выбарах упершыню. У нашай вобласці такіх юнакоў і дзяўчат налічваецца звыш 19 тысяч. І больш за 80% з іх прыйшлі галасаваць.

На прэс-канферэнцыі Дзмітрый Хома зачытаў спісы дэпутатаў, выбраных у Палату прадстаўнікоў і абласны Савет. Аднак яшчэ раз акцэнтаваў увагу на тым, што ўся інфармацыя з'яўляецца папярэдняй. А канчатковыя вынікі выбараў стануць вядомыя, калі адбудзецца пасяджэнне Віцебскай абласной выбарчай камісіі. Яно запланавана на вечар аўторка 27 лютага. Цэнтральная выбарчая камісія павінна падвесці вынікі і абвясціць вынікі ў пятніцу.