Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін сустрэўся сёння з калектывам ААТ "Нафтан", каб абмеркаваць змены і дапаўненні ў Канстытуцыю і даведацца пра надзённыя праблемы, якія хвалююць работнікаў прадпрыемства.

 

На думку кіраўніка вобласці, абнаўленне Асноўнага закона прадыктавана часам. "Калі азірнуцца назад, то можна ўбачыць, што мы жылі у старой сістэме каардынат. Цяпер многія працэсы змяніліся, а значыць, назрела неабходнасць змяніць вектар развіцця. Прымаючы новую Канстытуцыю, мы павінны памятаць, што з ёй жыць нашым дзецям і ўнукам. На сустрэчах з актывам прадпрыемстваў вобласці я нямала чую падобныя пытанні, мы абмяркоўваем іх і бяром на заметку. Магу вас запэўніць, што голас кожнага з вас важны і ні адзін не прападе. Тое, што з прапаноў грамадзян не трапіць у Канстытуцыю, пойдзе для распрацовак галіновых дакументаў", - адзначыў у пачатку сустрэчы Аляксандр Субоцін.

 

Работнікі "Нафтана" выказвалі свае меркаванні па розных аспектах новай Канстытуцыі. Наваполачане лічаць, што на ўзроўні Асноўнага закона варта замацаваць абавязковае галасаванне на выбарах розных узроўняў, як гэта ёсць у канстытуцыях еўрапейскіх краін. Старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што наша краіна - дэмакратычная, а таму ў кожнага ёсць свой выбар - аддаваць свой голас за кандыдата ў Прэзідэнты, дэпутата ці не. На сустрэчы закранулі і сумежнае пытанне - аб магчымасці для зняволеных галасаваць на выбарах. Аляксандр Субоцін адзначыў, што падобныя пытанні ўжо не раз узнімаліся на дыялогавых пляцоўках, і дадаў, што гэты пункт варта разглядаць са спецыялістамі, бо ўсё залежыць ад правапарушэння, якое здзейсніў чалавек.

 

 

Адно з надзённых пытанняў для работнікаў "Нафтана" і жыхароў горада - размеркаванне мясцовых і рэспубліканскіх бюджэтаў. Прадстаўнік прафсаюза прадпрыемства прапанавала выдзяляць мясцовым уладам больш сродкаў на развіццё і паўсядзённыя патрэбы, паколькі укрупненне камунальных прадпрыемстваў і іх цэнтралізацыя адбіваюцца на тым, што на месцах не хапае сродкаў на працу па добраўпарадкаванні. Губернатар падкрэсліў, што ў Віцебскай вобласці аптымізацыя такіх прадпрыемстваў была асабліва маштабнай і таму вынікі яе адбіваюцца ў рэгіёнах. Падобныя праблемы ўзнімаюцца не толькі ў Наваполацку, але і іншых гарадах і раёнах Віцебскай вобласці, аднак для іх вырашэння толькі дапамогі дзяржавы недастаткова. "Калі ўзяць просты прыклад па добраўпарадкаванні дваравых тэрыторый, то тут і самі жыхары павінны праяўляць ініцыятыву і ўносіць пасільны ўклад у абнаўленне месцаў, дзе яны жывуць. Ёсць тыя, хто стараецца перакласці абавязкі на камунальныя службы і мясцовыя ўлады, а ёсць тыя, хто бярэ частку працы на сябе, каб жыць у чысціні і парадку", - распавёў Аляксандр Субоцін.

 

Нафтанаўцы цікавіліся завяршэннем работ па рамонце адзінага моста ў Наваполацку, які зараз знаходзіцца на рэканструкцыі, і будаўніцтвам новага: ён мог бы значна паменшыць транспартны паток і знізіць нагрузку на існуючы. Кіраўнік вобласці адказаў, што работы па рэканструкцыі моста будуць ісці па плане, а будаўніцтва новага прадугледжана ў плане мадэрнізацыі трасы Р1. Кіраўнік горада Дзмітрый Дзямідаў дапоўніў, што па будаўніцтве новага моста ўжо вядуцца вышукальныя работы, будзе распрацаваны праект, але пакуль не агаворваюцца тэрміны ўзвядзення неабходнага для горада аб'екта.

 

Добраўпарадкаванне набярэжнай і веладарожак для аматараў двухколавага транспарту, пашырэнне і рамонт дарог - усе гэтыя пытанні работнікі прадпрыемства таксама абмеркавалі з кіраўніцтвам вобласці і горада.

Крыніца: vitebsk-region.gov.by